Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 лістапада: затрымалі трэнэра каратэ і страйкамаўца зь Менскага электратэхнічнага заводу


Сілавікі. Архіўнае фота
Сілавікі. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з трэнэрам каратэ з Магілёва. Паводле зьвестак «Медиазоны», гаворка ідзе пра Расьціслава Лосева.

На камэру затрыманы кажа, што «з 2020 году пісаў гнеўныя камэнтары». Мужчына дадае, што зарэгістраваўся ў чат-боце «Перамога».

Расьціслаў Лосеў працуе трэнэрам каратэ ў Магілёве. У 2020 годзе ён заняў II месца на чэмпіянаце РГА «БФК» па кёкусін каратэ-до.

Футбольнага трэнэра ў Менску пакаралі «хатняй хіміяй» за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе

У судзе Фрунзэнскага раёну Менску 11 лістапада за ўдзел у пратэставым шэсьці (ч. 1 арт. 342 КК) у лістападзе 2020 года асудзілі трэнэра ў футболе БДУ Руслана Пратасеню.

Крымінальную справу разглядала судзьдзя Ала Скуратовіч. Да суду Руслана ўтрымлівалі ў СІЗА № 1.

Суд пастанавіў прызначыць Пратасеню пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады.

Раней Рамана Пратасеню затрымлівалі на акцыі пратэсту 15 лістапада 2020 году і пакаралі адміністрацыйным арыштам на 14 дзён.

У Рэчыцы затрымалі мужчыну за сарваны дзяржаўны сцяг

Начальнік аддзелу ГУБАЗіК па Гомельскай вобласьці Алег Кашын пракамэнтаваў, што сарваны сьцяг знайшлі каля будынку юрыдычнай кансультацыі супрацоўнікі ЖКГ — ён быў прывязаны да слупа дарожнага знаку.

Затрымалі падазраванага 41-гадовага мясцовага жыхара з дапамогай АМАПу, паведамляюць праваабаронцы.

«Письма солидарности» цяпер «экстрэмісцкія» матэрыялы

Суполку ў Facebook «Письма солидарности Беларусь 2020» прызналі «экстрэмісцкай».

Такое рашэньне прыняў суд Ленінскага раёну Берасьця 20 лістапада 2023 году.

Сілавікі затрымалі ўдзельніка страйкаму Менскага электратэхнічнага заводу

Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з супрацоўнікам Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова, піша «Медиазона».

На камэру затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у страйкаме прадпрыемства і блякаваў дарогі падчас пратэстаў.

Паводле якога артыкулу затрымалі мужчыну, аўтары каналу не ўдакладняюць.

За словы «Жыве Беларусь» і «Не ідзіце на вайну» жыхара Наваполацка арыштавалі на 13 сутак

Суд Наваполацка арыштаваў мясцовага жыхара на 13 сутак па абвінавачаньні ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (частка 1 артыкула 24.23 КаАП). Пастанову суда ад 16 лістапада заўважыў канал «Віцебск, я гуляю».

У дакумэнце сказана, што мужчына ў фэйсбуку выставіў фотаздымак ўкраінскага і бчб-сьцяга з подпісам «Жыве Беларусь!».

Там жа ён напісаў «Беларусы, Браты! Мы ведаем, што Вам у хуткім часе пачнуць прыходзіць позвы! Не ідзіце на вайну, Вам гэта не патрэбна! Любім Вас, молімся за Вас. Вашыя Украінцы».Публікацыя зроблена 27 лютага 2022 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG