Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст: «Новая пастанова ўраду толькі пашырае стары закон аб парадку выезду за мяжу»


Юрыст Павал Сапелка, архіўнае фота
Юрыст Павал Сапелка, архіўнае фота

Экспэрт пракамэнтаваў Свабодзе новую пастанову Саўміну Беларусі пра працэдуру афармленьня выезду для сталага пражываньня за мяжу.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка даў сваю ацэнку новай пастанове Савету міністраў Рэспублікі Беларусь. Дакумэнт вызначае парадак дазволу на выезд за мяжу на сталае пражываньне.

Экспэрт адзначыў, што нічога нечаканага і рэзкага пастанова ня ўводзіць. Фактычна, падобныя нормы раней ужо былі ў законе.

— Што рэзка зьмяніцца для грамадзян краіны пасьля прыняцьця новага дакумэнту?

— Нічога радыкальна новага Пастанова Савету міністраў не прадугледжвае, а толькі разьвівае нормы Закону ад 20 верасьня 2009 году пад № 49-З «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». У разьдзеле 4 гэтага закону мова ідзе пра афармленьне грамадзянам выезду для сталага пражываньня (афармленьне сталага пражываньня) за межамі Рэспублікі Беларусь.

Падкрэсьлю — размовы аб нейкіх дазволах не ідзе, гэты працэс датычыцца менавіта афармленьня дакумэнтаў — перш за ўсё пашпарту, у які ўносяцца адпаведныя адзнакі. У артыкуле 20 гэтага закону ўстаноўлены абавязкі грамадзян, якія жадаюць аформіць выезд для пастаяннага пражываньня (аформіць пастаяннае пражываньне) за межамі Рэспублікі Беларусь. Якраз іх, толькі ў больш разгорнутым і дэталізаваным выглядзе, перанесьлі ў новую пастанову.

— Атрымліваецца, адзіная істотная розьніца — з афармленьнем дакумэнтаў на выезд, а ніяк не з працэдурай? Бо раней уладальнікам пашпарту сэрыі РР ставілі пячатку ў пашпарт.

— Тут можна не паглыбляцца ў дэталі, асноўная ідэя — гэта не дазвольны прынцып, калі дзяржава, як у СССР, дазваляла або не дазваляла свайму грамадзяніну выезд, гэта проста працэдура, парадак афармленьня дакумэнтаў, вынікам якога становіцца зьняцьце з уліку і афармленьне запісу ў пашпарце. Нават пры адмове чалавек можа зьехаць з краіны, але застанецца зарэгістраваным у Беларусі.

Пастанова гаворыць аб тым, што паўналетні грамадзянін пры намеры выехаць на сталае жыхарства за мяжу цяпер мусіць падаць адпаведную заяву пра жаданьне выехаць і неабходныя дакумэнты ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Заяву і дакумэнты ад імя непаўналетніх падае законны прадстаўнік.

Чыноўнікі ў 3-дзённы тэрмін пасьля атрыманьня дакумэнтаў адправяць неабходныя запыты наконт магчымых запазычанасьцяў. Сярод іх:

  • аб выкананьні падатковых абавязаньняў;
  • аб спыненьні дзейнасьці індывідуальнага прадпрымальніка;
  • аб наяўнасьці згоды вайсковага камісарыяту (у дачыненьні прызыўнікоў і грамадзян ва ўзросьце 18-27 гадоў, якія знаходзяцца ў запасе);
  • аб выкананьні алімэнтных абавязаньняў;
  • аб зьвестках пра кампэнсацыю расходаў, якія дзяржава панесла на ўтрыманьне дзяцей (у дачыненьні да абавязаных асоб).

Акрамя таго, чыноўнікі правераць, ці няма ў заяўніка абмежаваньняў на выезд, ці ёсьць ён у банку правапарушэньняў.

Дзяржаўныя органы будуць мець 20 дзён на выкананьне запытаў.

У выпадку згоды ў пашпарт паставяць адзнаку аб дазволе на афармленьне выезду за мяжу для сталага пражываньня.

Пра рашэньне заяўніку паведамяць на працягу трох дзён пасьля яго прыняцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG