Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Украіны падтрымаў ініцыятыву аб санкцыях супраць Расеі і Беларусі на 50 гадоў


На сэсіі Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Архіўнае фота
На сэсіі Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Архіўнае фота

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны. У выніку Ўкраіна спыніла дзеяньне шэрагу міжнародных пагадненьняў зь Беларусьсю і ўвяла супраць яе санкцыі.

Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала зацьверджанае прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) ад 20 лістапада аб прымяненьні сэктаральных эканамічных санкцый да Расеі і Беларусі ў абаронна-прамысловай сфэры.

Як паведаміў у сваімтэлеграм-канале дэпутат Яраслаў Жалязьняк, рашэньне падтрымалі 304 дэпутаты.

Дакумэнт прадугледжвае забарону на правядзеньне апэрацый з таварамі і паслугамі, на міжнародную перадачу якіх распаўсюджваецца дзеяньне закону Ўкраіны «Аб дзяржаўным кантролі за міжнароднымі перадачамі тавараў вайсковага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня», з рэзыдэнтамі Расеі і Беларусі, у тым ліку якія праводзяцца з прыцягненьнем рэзыдэнтаў іншых дзяржаў. Дзейнічаць санкцыі будуць 50 гадоў.

У адпаведнасьці з рашэньнем спыняецца выкананьне эканамічных і фінансавых абавязаньняў на карысьць рэзыдэнтаў Расеі і Беларусі па апэрацыях з таварамі вайсковага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня. Забараняецца перадача рэзыдэнтам і рэзыдэнтамі Расеі і Беларусі тэхналёгій, правоў на аб’екты права інтэлектуальнай уласнасьці, а таксама ажыцьцяўленьне рэзыдэнтамі гэтых краін дзеяньняў, зьвязаных з абаронай правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці, акрамя дзеяньняў па працягу тэрміну дзеяньня правоў інтэлектуальнай уласнасьці і падаўжэньня тэрміну дзеяньня ахоўных дакумэнтаў.

Рашэньне ўводзіць забарону на рэгістрацыю і акрэдытацыю арганізацый калектыўнага кіраваньня, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца рэзыдэнты Расеі і Беларусі. Спыняецца дзеяньне сумесных і прамысловых праграм у сфэры бясьпекі і абароны, удзельнікамі якіх зьяўляюцца рэзыдэнты РФ і/або Беларусі, адносна тавараў вайсковага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня, а таксама ўводзіцца забарона на ажыцьцяўленьне інвэстыцый з удзелам рэзыдэнтаў РФ і/або Беларусі ў адносінах да юрыдычных асоб, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць па вытворчасьці, міжнароднай перадачы тавараў вайсковага прызначэньня і двайнога выкарыстаньня, у тым ліку тых, што праводзяцца з прыцягненьнем рэзыдэнтаў іншых краін.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны. За гэта Ўкраіна выйшла з шэрагу міжнародных пагадненьняў з Рэспублікай Беларусь і ўвяла супраць яе санкцыі. Пры гэтым украінскія афіцыйныя асобы неаднаразова гаварылі аб неабходнасьці пакідаць пэўную прастору на перамовы зь Беларусьсю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG