Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін памілаваў чальца банды сатаністаў, які ваяваў ва Ўкраіне. Таго асудзілі раней на 20 гадоў за забойства, катаваньні і зьдзекі зь целаў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Адзін зь сябраў банды так званых яраслаўскіх сатаністаў Мікалай Агалабяк быў памілаваны прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным пасьля ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне. Пра гэта ў аўторак піша расейскае выданьне 76.ru са спасылкай на бацьку асуджанага.

33-гадовы Мікалай Агалабяк павінен быў сядзець у калёніі да 2030-га. Але цяпер ён дома. Па словах яго бацькі, ва Ўкраіне ён служыў паўгода ў атрадзе «Шторм Z» і атрымаў цяжкае раненьне, пасьля чаго 2 лістапада вярнуўся дадому. «Пакуль нікім не працуе, аднаўляецца. На СВА (так расейскія ўлады называюць поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну. — РС) яго наўрад ці зноў возьмуць», — расказаў суразмоўца.

Пра сэкту сатаністаў у матэрыяле гаворыцца, што яна ўтварылася ў Яраслаўлі ў 2006 годзе. Мікалай Агалабяк і яго знаёмыя зьдзейсьнілі рытуальныя забойствы 4 падлеткаў, адзначае расейскі тэлеграм-канал ASTRA. Падзеі адбываліся ў чэрвені 2008 году. Целы забітых разабралі, некаторыя органы зьелі.

Расьсьледаваньне справы працягвалася некалькі гадоў. Целы забітых падлеткаў былі зьнявечаныя, таму сьледчым спатрэбілася мноства экспэртыз, уключаючы аналізы ДНК. Першае паседжаньне па справе адбылося 24 лютага 2010 году ў Яраслаўскім абласным судзе, у канцы ліпеня таго ж году быў вынесены прысуд. На той момант толькі Мікалай Агалабяк быў паўналетнім. Яго прызналі вінаватым у зьдзеках над месцамі пахаваньняў памерлых, учыненым групай асоб, забойстве дзьвюх асоб, учыненым групай па папярэдняй змове, зьдзеку з целаў памерлых, учыненым групай. Агалабяку далі 20 гадоў калёніі строгага рэжыму. Астатнія падсудныя атрымалі ад двух да дзесяці гадоў пазбаўленьня свабоды.

  • Расейскі прэзыдэнт у 2022 і 2023 гадах памілаваў ня менш за 17 чалавек, асуджаных раней у Расеі за забойства. Усе яны ўдзельнічалі ў вайне ва Ўкраіне і вярнуліся з фронту на волю. Некаторыя ўжо ўчынілі новыя злачынствы, адзначала расейскае выданьне «Агенцтва».
  • Зьняволеных летам 2022 году пачаў актыўна вэрбаваць у шэрагі ПВК «Вагнэр» яе заснавальнік Яўгеній Прыгожын. Пасьля шасьці месяцаў на фронце ў атрадах «Вагнэра» былыя зьняволеныя атрымлівалі памілаваньне. Пасьля канфлікту Прыгожына з кіраўніцтвам Мінабароны Расеі зьняволеных пачалі вэрбаваць ужо не ў ПВК, а непасрэдна ў вайсковыя часьці, у прыватнасьці ў штурмавыя атрады «Шторм Z».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG