Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Будзе экспэртная місія». Праваабаронцы растлумачылі, як будуць ладзіць кампанію па маніторынгу выбараў

«Будзе экспэртная місія». Праваабаронцы растлумачылі, як будуць ладзіць кампанію па маніторынгу выбараў


Выбарчы ўчастак. Архіўнае фота
Выбарчы ўчастак. Архіўнае фота

У Беларусі на 25 лютага 2024 году прызначылі адзіны дзень галасаваньня па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Гэта першая электаральная кампанія пасьля крызісу 2020 году. Праваабаронцы заявілі, што будуць весьці маніторынг выбарчага працэсу.

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая ладзіцца Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Беларускім Хэльсынскім камітэтам з 2008 году, а таксама яе экспэрт Павал Сапелка падкрэсьліваюць, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.

«Зараз у нас будзе экспэртная місія, якая будзе зьбіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі, у тым ліку праз публічную ананімную форму для паведамленьняў аб парушэньнях выбарчых правоў. Мы рыхтуем адпаведную інструкцыю для актыўных выбаршчыкаў, як бясьпечна дасылаць інфармацыю кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», — расказваюць у кампаніі.

Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка дадае, што такі фармат правядзеньня кампаніі ўжо фактычна апрабавалі падчас рэфэрэндуму па ўнясеньні зьменаў у Канстытуцыю ў 2022 годзе, і ён паказаў сваю эфэктыўнасьць.

Сапелка таксама зьвяртае ўвагу, што сёньня нельга накіроўваць назіральнікаў у камісіі, бо, хутчэй за ўсё, яны сутыкнуцца з рэпрэсіямі:

«Па досьведзе папярэдніх кампаній можна меркаваць, што тых, хто ўсё ж наважыцца стаць незалежным назіральнікам, проста ня пусьцяць у камісіі. У задачу кампаніі будзе ўваходзіць фіксацыя гэтых фактаў і ацэнка працэсаў стварэньня выбарчых камісій, вылучэньня і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, магчымасьцяў для агітацыі, волевыяўленьня на датэрміновым галасаваньні і ў адзіны дзень галасаваньня».

«Гэта першая электаральная кампанія пасьля крызісу 2020 году і пасьля кардынальных зьмен у грамадзка-палітычным жыцьці краіны. На гэтых „выбарах“, хутчэй за ўсё, ня будзе ніякага іншага незалежнага назіраньня, а таксама міжнароднага з боку БДІПЧ АБСЭ», — кажуць прадстаўнікі кампаніі.

Сапелка адзначыў, што праваабаронцы плянуюць рабіць ацэнкі кожнаму з этапаў электаральнай кампаніі ў выглядзе этапных справаздач з высновамі аб тым, якія былі зафіксаваныя парушэньні, а таксама з рэкамэндацыямі, як можна было праводзіць працэдуры на гэтым этапе.

«Мы таксама будзем рабіць кароткае рэзюмэ на простай і зразумелай кожнаму і кожнай мове. Пасьля асноўнага дня галасаваньня мы зробім агульную справаздачу з ацэнкамі праваабаронцаў, якія гэта былі выбары», — заяўляюць у кампаніі.

Выніковую справаздачу праваабаронцы маюць апублікаваць на сайце кампаніі, а таксама сайтах яе сябраў — «Вясны» і БХК, і даслаць розным міжнародным арганізацыям і экспэртнай супольнасьці, якія будуць выкарыстоўваць яе высновы ў сваёй працы.

«Мы таксама вырашылі, што ўсе ж такі адрасуем нашыя высновы і рэкамэндацыі дзеючым уладам... Але як яны распарадзяцца нашымі экспэртнымі рэкамэндацыямі — залежыць ад іх».

Сур’ёзныя зьмены закрануць мэтодыку збору інфармацыі, адзначыў Сапелка.

«Кампанія вырашыла адмовіцца ад назіральнікаў з прычын бясьпекі. Падчас гэтай электаральнай кампаніі мы плянуем зьвярнуцца з заклікам да звычайных выбаршчыкаў аб дапамозе ў зборы інфармацыі пра парушэньні падчас выбараў. Мы распрацоўваем простую і зразумелую форму па зборы інфармацыі аб парушэньнях, а таксама зразумелую інструкцыю, як бясьпечна ёю карыстацца і дзяліцца інфармацыяй», — зазначаюць праваабаронцы.

Таксама, як зьвяртае ўвагу Павал Сапелка, абраны фармат правядзеньня кампаніі будзе мінімізаваць пагрозы і рызыкі рэпрэсій:

«Адначасова мы нагадваем усім неабыякавым беларусам пра правілы бясьпечнай камунікацыі з нашымі інфармацыйнымі рэсурсамі».

Прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць важным праводзіць зь беларусамі асьветніцкую і інфармацыйную працу наконт іх выбарчых правоў і дэмакратычных стандартаў правядзеньня выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG