Прысуд апублікаваны ў дзень народзінаў Станіслава Лупаносава.
Як адзначае «Наша Ніва», у прысудзе гаворыцца, што Лупаносава прызналі вінаватым у несанкцыянаваным капіраваньні інфармацыі, «здрадзе дзяржаве», выдачы дзяржаўных сакрэтаў і дзеяньнях з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў, якія нанесьлі «істотную шкоду дзяржаве».
«Гэтая інфармацыя тэхнічна была апублікаваная даўно, але доступ для ўсіх да яе адкрылі толькі сёньня, — пракамэнтаваў Лупаносаў публікацыю Вярхоўнага Суду. — Прынамсі, ніхто яе раней ня бачыў, а сёньня зьявілася. Наколькі я разумею, тут нейкі асабісты сымбалізм у такой ацэнцы маіх заслуг перад Радзімай. Яны мне далі па максымалцы. І я гэта трактую як страх, ну і хай баяцца, бо самага галоўнага ў сваім жыцьці ў справе вызваленьня Беларусі я яшчэ не зрабіў. Я лічу, усё наперадзе».
Станіслаў Лупаносаў — падпалкоўнік ГУБАЗІКу, падчас службы супрацоўнічаў з ByPol. У канцы 2020-га ён выехаў зь Беларусі. Па яго словах, апошняй кропляй для яго стала гібель Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 году.
У сьнежні 2020 году экс-апэратыўнік ГУБАЗіКу Лупаносаў выехаў ва Ўкраіну. У Беларусі ён абвешчаны ў вышук. 14 траўня 2022 году Станіслава Лупаносава ўнесьлі ў сьпіс асобаў, датычных да «тэрарызму».
Цяпер за кратамі знаходзіцца брат Станіслава Міхаіл Лупаносаў. Супрацоўнікі МУС затрымалі Міхаіла 17 жніўня 2021 году паводле ч. 1 арт. 427 КК (прычыненьне маёмаснай страты без прыкметаў крадзяжу), арт. 380 КК (падробка, выраб, выкарыстаньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў). Інкрымінаваныя яму падзеі адбываліся яшчэ ў 2016 годзе. Да затрыманьня Міхаіл Лупаносаў быў дырэктарам будаўнічай фірмы.