Міжнародную грамадзкую арганізацыю «Клюб „Гярвечай“» ліквідуюць праз Горадзенскі абласны суд. Пасяджэньне заплянавана на 23 лістапада, піша Hrodna.life. Арганізацыя прапрацавала амаль 30 гадоў і разьвівала супрацоўніцтва Літвы і Беларусі. Прычым «падтрымлівала курс кіраўніцтва» Беларусі, піша выданьне.
Пазоў у суд падала Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Судзьдзя — Юры Карэцкі.
Арганізацыя зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну. Гэта адна зь літоўскіх арганізацый — раней іх было шэсьць.
«Гярвечай» ладзіў мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і пасольствам Літвы ў Беларусі, дапамагаў выдаваць кнігі. Старшыня грамады— Альфонсас Аўгуліс.
У клюбе было 394 сябры. Мэты арганізацыі — супрацоўніцтва і ўмацаваньне даверу і ўзаемаразуменьня паміж народамі Беларусі і Літвы, захаваньне гістарычнай памяці і культуры.
Таксама ў Рымдзюнах была школа зь літоўскай мовай навучаньня. Яе пабудавалі за кошт Літвы ў 1996 годзе. Але ў 2022 годзе школу зрусыфікавалі.
Паводле апошніх зьвестак, у Астравецкім раёне пражывае каля 750 прадстаўнікоў літоўскай нацыянальнасьці.
Раней улады зьліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне літоўцаў «Гімціне».