Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі справы Аксёнава: як спэцслужбы спрабуюць разбурыць давер і пасеяць падазронасьць


Сядзіба КДБ у Менску
Сядзіба КДБ у Менску

У цяперашнім стане канфрантацыі ўзаемапранікненьне беларускіх спэцслужбаў і дэмакратычных сілаў будзе непазьбежным і працяглым.

Сьцісла

  • Відэазварот прадстаўніка КДБ на апазыцыйным сэмінары ў Варшаве мог быць галоўнай мэтай усёй апэрацыі спэцслужбаў у справе Аксёнава.
  • Шкода ад гэтай апэрацыі выглядае меншай, чым ад укараненьня агента ГУБАЗІКу Гайко ў ініцыятыву «Чорная кніга Беларусі».
  • На кручок спэцслужбаў пападаліся і больш спрактыкаваныя асобы, чым Алег Аксёнаў.
  • У цяперашнім стане канфрантацыі ўзаемапранікненьне беларускіх спэцслужбаў і дэмакратычных сілаў будзе непазьбежным і працяглым.

Відэазварот намесьніка начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Беларусі Канстанціна Бычака на апазыцыйным сэмінары ў Варшаве быў эфэктным ходам. Эфэкт узмацняўся тым, што супрацоўнік КДБ быў прадстаўлены ўдзельнікам імпрэзы як «арганізатар і фундатар сэмінару ў пытаньнях бясьпекі».

Ня выключана, што такая канцоўка, яе псыхалягічнае ўзьдзеяньне і былі галоўнай мэтай усёй спэцапэрацыі. «Мы бачым усё, што вы робіце, мы стаім у вас за сьпінай нават тады, калі вы абмяркоўваеце, як абараніцца ад нас», — такое пасланьне было ў гэтым раптоўным зьяўленьні.

Ці здабыў КДБ нешта істотна большае, невядома. Са зьместу стужкі, паказанай у перадачы па АНТ, гэтага не вынікае. Размовы ў эмігранцкіх асяродках і на розных імпрэзах не вялікі сакрэт. Алег Аксёнаў, галоўны пэрсанаж скандалу, ня быў чальцом ані АПК, ані «НАУ», ані ByPol/BelPol, ані нават Каардынацыйнай рады — кіроўных у дэмакратычных сілах альбо адказных у іх за бясьпеку.

Але, з другога боку, КДБ і не абавязаны быў у той стужцы на АНТ выкладаць, прынамсі адразу, самую багатую «здабычу». Да таго ж спэцслужбы працуюць мэтадам складаньня мазаікі з кавалачкаў інфармацыі. Скажам, сьпіс удзельнікаў таго ж сэмінару ў пытаньнях бясьпекі яны, безумоўна, мелі ад Аксёнава. Часам інфармацыя пра чуткі і размовы ў асяродзьдзі ня самых уплывовых асобаў запаўняе важныя месцы ў пазлах пра асобаў і структуры больш сур’ёзныя. Так што апэрацыя з распрацоўкай і выкарыстаньнем «уцёмную» Алега Аксёнава — безумоўна, посьпех беларускіх спэцслужбаў. І ня першы.

У параўнаньні з укараненьнем агента ГУБАЗІКу Артура Гайко ў кіраўніцтва ініцыятывы «Чорная кніга Беларусі» (ЧКБ) справа Аксёнава нарабіла і наробіць шкоды дэмакратычным сілам нашмат менш. У справе ЧКБ людзі ў Беларусі трапілі за краты на велізарныя тэрміны. Як і ў справе аб «змове» Фядуты — Зянковіча — Кастусёва. Там жа таксама на пэўным этапе ўсе дзеяньні «змоўшчыкаў» кантраляваліся і накіроўваліся спэцслужбамі.

Зараз зручна бэсьціць спадара Аксёнава. І ёсьць за што. Але на кручок пападаліся і асобы, куды больш спрактыкаваныя ў рамястве кансьпірацыі, чым ён: дастаткова прыгадаць тыя ж справы ЧКБ і «змовы». Сцэнар справы аб «змове» быў сьпісаны з апэрацыі савецкіх спэцслужбаў «Сындыкат-2», калі на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў СССР завабілі такога гросмайстра падпольля, як Барыс Савінкаў.

А прамова спадара Бычака на сэмінары ў Варшаве вельмі нагадвала стылістыкай фінальную шыфроўку, адпраўленую афіцэрамі нацысцкага абвэру ў выведцэнтар у Лёндан у межах апэрацыі Nordpol .

Падчас Другой сусьветнай нямецкія спэцслужбы перахапілі канал сувязі Лёндану з падпольлем у Галяндыі. І вялі працяглую радыёгульню, у выніку якой уся зброя, амуніцыя, перадатчыкі, людзі, якіх ангельцы накіроўвалі галяндзкаму падпольлю, траплялі ў рукі немцаў.

Праз два гады (!) абвэраўцы, калі апэрацыю было вырашана скончыць, адправілі ў Лёндан шыфроўку, не пазбаўленую сарданічнай дасьціпнасьці: «Намі ўстаноўлена, што вы зь некаторага часу спрабуеце самастойна, бяз нашай дапамогі, пракручваць у Галяндыі свае справы. Гэта сумна, бо на працягу доўгага часу мы былі тут вашымі адзінымі прадстаўнікамі да ўзаемнага задавальненьня. Тым ня менш мы запэўніваем вас, што ў выпадку, калі ў вас зьявіцца жаданьне зрабіць візыт на кантынэнт, вашыя прадстаўнікі будуць сустрэтыя з той жа ўвагай і клопатам, як і раней. Бывайце».

Падобнае ў іх пачуцьцё гумару, незалежна ад часу і геаграфіі.

Цяпер няма нястачы ў парадах аматараў, што трэба было рабіць небараку Аксёнаву і якія высновы зь ягонай справы варта зрабіць. Варта заўважыць, што часам праколваюцца і профі, як брытанскія асы шпіянажу ў той справе Nordpol. Але больш карысныя тут, напэўна, усё ж парады прафэсіяналаў. Зусім магчыма, што справа Аксёнава будзе не апошняй.

Як, дарэчы, наўрад ці спыніцца зваротны паток інфармацыі да ByPol/BelPol і «Кібэрпартызанаў». У тым стане супрацьстаяньня, у якім сёньня знаходзяцца беларусы ў Беларусі і ў эміграцыі, гэтае ўзаемапранікненьне, выглядае, будзе непазьбежным і працяглым. І на гэтым доўгім шляху свае посьпехі і паразы будуць у абодвух бакоў.

Калі да парадаў агульнага характару, дык, напэўна, варта сказаць пра разумнае спалучэньне асьцярожнасьці і даверу да людзей. Асьцярожнасьць ня шкодзіць ніколі. Але і ўзаемны давер — менавіта тое, што КДБ хацеў разбурыць эфэктнай канцоўкай сваёй спэцапэрацыі. Калі такі давер зьнікне, мэта спадара Бычака і яго калег будзе дасягнутая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG