Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адзін суд у ЗША вырашыў не забараняць Трампу ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта


Дональд Трамп.
Дональд Трамп.

Суд у амэрыканскім штаце Каларада пастанавіў, што былы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп можа ўдзельнічаць у наступных выбарах кіраўніка дзяржавы нягледзячы на дачыненьне да штурму Капітолія ў пачатку 2021 году.

Судзьдзя прызнала, што Трамп справакаваў беспарадкі. Пры гэтым у судовым рашэньні асобна пазначана, што ён можа балятавацца на выбарах прэзыдэнта ў 2024 годзе, адзначае Associated Press.

Прадстаўнік экс-прэзыдэнта ў судзе катэгарычна адпрэчыў дачыненьне Трампа да штурму Капітолія.

Раней аналягічныя рашэньні вынесьлі суды ў Мінэсоце і Мічыгане.

Справы аб дыскваліфікацыі Трампа разглядаюцца ў адпаведнасьці з 14-й папраўкай да Канстытуцыі ЗША, якая забараняе займаць дзяржпасаду пасьля ўдзелу ў мяцяжы ці паўстаньні супраць краіны.

Аўтары пазоваў патрабуюць не дапусьціць Трампа да выбараў, абвінавачваючы яго ў падбухторваньні да нападу на Белы дом у студзені 2021 года з мэтай перашкодзіць Кангрэсу зацьвердзіць перамогу Джо Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года.

Паводле апошніх апытаньняў, Трамп лідзіруе на папярэдніх выбарах Рэспубліканскай партыі. У выпадку перамогі на праймэрыз ён атрымае права ўдзельнічаць ва ўсеагульных выбарах прэзыдэнта і скласьці верагодную канкурэнцыю цяперашняму прэзыдэнту ЗША дэмакрату Джо Байдэну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG