Суд у Нью-Ёрку прыйшоў да высновы, што Дональд Трамп і прыналежная яго сямʼі кампанія Trump Organization падманным шляхам завышалі кошт сваёй маёмасьці і іншых актываў.
Рашэньне, прынятае судзьдзёй Артурам Энгаронам у Манхэтэне, аблегчыць задачу Летыцыі Джэймс, генэральнаму пракурору штату, якая павінна будзе вызначыць нанесеную шкоду на судовым разглядзе, заплянаваным на 2 кастрычніка.
Судзьдзя таксама распарадзіўся ануляваць сэртыфікаты, якія дазвалялі прадпрыемствам Трампа, уключаючы Trump Organization, працаваць у Нью-Ёрку, і пастанавіў прызначыць кіраўніка для кіраваньня роспускам бізнэсу ў штаце.
У судовай пастанове гаворыцца, што Трамп, яго сыны Дональд-малодшы і Эрык, Trump Organization і іншыя пазваныя завышалі капітал Трампа ў адпаведнасьці са сваімі бізнэс-патрэбамі.
Адзначаецца, што кампанія The Trump Organization, на працягу дзесяці гадоў ашуквала фінансавыя органы адносна кошту яго актываў, каб карыстацца правам на атрыманьне банкаўскіх ільгот пры карыстаньні крэдытамі і паслугамі па страхаваньні.
- Гэтая справа — адна зь некалькіх супраць Дональда Трампа. Сёлета яму выставілі чатыры абвінавачаньні: у змове, якая прывяла да штурму Капітолія ў студзені 2021 года; у змове з мэтай зьмяніць вынікі выбараў у штаце Джорджыя; у захоўваньні сакрэтных дакумэнтаў у маёнтку Мар-а-Лага; у падробцы фінансавай дакумэнтацыі.