Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Euronews: Нямеччына пачынае рыхтаваць войска да вялікай вайны


Канцлер Оляф Шольц з вайскоўцамі
Канцлер Оляф Шольц з вайскоўцамі

Ва ўмовах, калі Расея і Ўкраіна працягваюць ваяваць ужо амаль два гады, а ізраільска-палестынскі канфлікт разгарэўся з новай сілай, найбуйнейшая эканоміка Эўропы пераглядае ўяўленьні, якія складаліся дзесяцігодзьдзямі, пра тое, для чаго, уласна, патрэбныя яе ўзброеныя сілы, піша Euronews.

Калі пачалася вайна Расеі супраць Украіны, Нямеччына спачатку з асьцярогай ставілася да прамых вайсковых паставак Кіеву, але неўзабаве канцлер Оляф Шольц пераасэнсаваў маральныя абавязаньні Нямеччыны па супрацьдзеяньні расейскай агрэсіі, адзначае выданьне: у сваім звароце да Бундэстагу ён заклікаў парлямэнтароў падтрымаць пастаўку зброі і матэрыялаў саюзьніку, які не ўваходзіць у ЭЗ і не зьяўляецца чальцом NATO.

Міністар абароны Шольца Борыс Пісторыюс цяпер гаворыць пра абараназдольнасьць Нямеччыны ў выразах, не падобных да тых, якія гучалі з часоў узьяднаньня краіны ў 1990 годзе. У сваім нядаўнім артыкуле ў газэце Tagesspiel Пісторыюс заклікаў да «фундамэнтальных зьменаў» у нямецкім войску, бундэсверы, які, паводле яго, мае патрэбу ў сур’ёзнай структурнай рэформе, «каб быць эфэктыўным і прыдатным да вайны ў будучыні».

«Нам неабходна зьмяніць мэнталітэт ня толькі ў бундэсвэры, але і ў палітыцы і грамадзтве, — заявіў ён. — На карту пастаўленая бясьпека нашай краіны, а значыць, і аснова сацыяльнага суіснаваньня, прагрэсу і эканамічнага росту. Як дзяржава і грамадзтва, мы павінны ўмець абараняцца і быць устойлівымі».

На думку нямецкай экспэрткі ў пытаньнях палітыкі бясьпекі Мінны Аляндэр, якая працуе ў Фінскім інстытуце міжнародных адносін, словы Пісторыюса выклікалі некаторае зьдзіўленьне, а таксама абурэньне з боку левага крыла ягонай партыі — сацыял-дэмакратаў.

«Нямеччына знаходзіцца пад моцным ціскам, каб выканаць абяцаньне накіраваць у Літву брыгаду колькасьцю 4 тысяч чалавек, як абяцаў Пісторыюс, — адзначае яна. — Цяпер бундэсвер ня ў стане яе стварыць, і, імаверна, пройдзе некалькі гадоў, перш чым брыгада будзе цалкам укамплектаваная і аснашчаная. Гэта ня вельмі добра для такой вялікай краіны, як Нямеччына».

Над зьменай стратэгіі навісае патрабаваньне NATO па выдатках — гэта значыць, абавязак усіх чальцоў дамовы выдаткоўваць на абарону ня менш як 2% свайго гадавога ВУП, адзначае выданьне.

Нямеччына гістарычна не выконвала гэтае патрабаваньне, і ў 2022-м Шольц у сваёй прамове «Паваротны пункт» згадаў пра неабходнасьць выправіць сытуацыю, аднак у доўгатэрміновым бюджэце гэтае патрабаваньне так і не зьявілася. Цяпер Шольц пацьвердзіў гэтае абяцаньне, заявіўшы, што Нямеччына пачне выконваць яго «ў 20–30-я гады».

Недастатковыя выдаткі на абарону эўрапейскіх чальцоў NATO крытыкаваў Дональд Трамп, калі быў прэзыдэнтам ЗША. Ён заяўляў, што Нямеччына нажываецца на амэрыканскіх абаронных выдатках, і нават пагражаў вывесьці амэрыканскія войскі з Эўропы.

Былыя дарадцы Трампа, якія сталі яго крытыкамі, папярэджваюць, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам у 2024 годзе ён можа паспрабаваць рэалізаваць свае ранейшыя пагрозы наконт поўнага выхаду ЗША з NATO. Гэта можа паставіць пад пагрозу сыстэму бясьпекі ў Эўропе.

Як сказала нямецкая экспэртка ў пытаньнях палітыкі бясьпекі Мінна Аляндэр у інтэрвію Euronews, ня толькі канфлікт ва Ўкраіне прымусіў задумацца пра сурʼёзнасьць сытуацыі.

«Я думаю, што атака ХАМАСу і вайна ў Газе аказалі вялікі ўплыў на нямецкае грамадзтва і палітыку. Пераход да правай рыторыкі адбыўся імгненна, асабліва ў адносінах да міграцыі, — падкрэсьліла яна. — Але ня варта забываць і пра тое, што нам, імаверна, давядзецца быць гатовымі да новых канфліктаў, якія могуць узьнікнуць побач з Эўропай, бо старая сыстэма бясьпекі распалася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG