Канцлер пацьвердзіў, што Нямеччына пачне пастаўкі Ўкраіне ўзбраеньня, бо «пуцінская агрэсія не пакінула нам іншага выбару». Раней Нямеччына не пагаджалася адпраўляць сваю зброю Ўкраіне.
Шольц пацьвердзіў, што супраць Расеі будуць узмацняцца жорсткія санкцыі ў выпадку працягу агрэсіі, і яны «не абмежаваныя ніякімі магчымымі лімітамі». Канцлер таксама заявіў аб рэзкім — амаль удвая — павелічэньні выдаткаў на нацыянальную абарону. Прымуць меры і для найхутчэйшага зьніжэньня залежнасьці ад паставак расейскага газу. У тым ліку пабудуюць два новыя тэрміналы для прыёму звадкаванага газу.
Нямеччына таксама паведаміла аб закрыцьці паветранай прасторы для расейскіх самалётаў. Цяпер рашэньне аб гэтым прынялі ўжо каля 20 краін. Чакаецца, што паветраную прастору закрыюць усе краіны ЭЗ.
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, абмяркоўваецца і пытаньне аб забароне расейскіх караблям уваходзіць у эўрапейскія парты.
Краіны ЭЗ увялі ўжо два пакеты санкцыяў, зьвязаныя з расейскай агрэсіяй. Яны закранулі розныя сэктары расейскай эканомікі, у тым ліку фінансавы. Увялі таксама пэрсанальныя санкцыі, у тым ліку супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.