Аляксандар Лукашэнка пагражае ўсім, хто стварыў «схемы» паставак малочнай прадукцыі ў Расею, каб пазьбягаць падаткаабкладаньня, канфіскаваць усю маёмасьць на карысьць дзяржавы.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, аб затрыманьнях прадстаўнікоў малочных прадпрыемстваў Лукашэнка заявіў у часе нарады ў пытаньнях пасажырскіх перавозак.
«Я даручыў старшыні Камітэту (дзяржбясьпекі) усіх перапісаць, усю ўласнасьць. А ўласнасьці там шмат. Усе трэба сканфіскаваць у даход дзяржавы», — працытавала Аляксандра Лукашэнку агенцтва.
Ён паведаміў, што да яго праз гэтую справу «ўжо пайшлі хадакі», і да яе маюць дачыненьне нібыта і прадстаўнікі ўраду.
«Зараз пачнуць выць і крычаць: была „справа лекараў“, была справа яшчэ некага, цяпер — справа малочнікаў. Я адмыслова гэта пры губэрнатарах кажу, таму што гэта характэрна для вас. Я проста ўзяў „Бабушкіну крынку“. Але адказваць будзеце ўсе», — папярэдзіў ён.
Аляксандар Лукашэнка агучыў некаторыя дэталі справы, у якой фігуруе магілёўскае прадпрыемства «Бабушкіна крынка» і, імаверна, яшчэ прадпрыемства зь Віцебскай вобласьці. Паводле яго, беларускія прадпрыемствы мелі на тэрыторыі Расеі падкантрольныя суб’екты гаспадараньня, празь якія прадукцыю прадавалі па больш высокай цане, чым набывалі, і, такім чынам, заніжалі базу для падаткаабкладаньня.
«Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыцьцяўляцца без удзелу службовых асобаў прадпрыемстваў і дзяржорганаў», — заявіў Лукашэнка. Ён папярэдзіў прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку, што той таксама будзе адказваць, калі ў схемах знойдуць прадстаўнікоў ураду.
Старшыня КДБ Іван Тэртэль паведаміў, што ў гэтай справе затрымалі 26 чалавек, зь якіх 15 ужо арыштавалі.
Пазьней у КДБ Беларусі расказалі, што першыя зьвесткі пра карупцыйную схему набыцьця менскім ТАА «ТПК ПрадІнвест» прадукцыі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў па заніжаных цэнах для далейшай рэалізацыі ў Расеі КДБ атрымаў у студзені 2020 году.
У поле зроку сілавікоў трапілі схемы продажу прадукцыі ААТ «Бабушкіна крынка», якім з 2019 году кіраваў Генадзь Скітаў. Паведамляецца, што пасьля прызначэньня на пасаду дырэктара Скітаў загадаў усталяваць відэакамэры ў працоўным кабінэце і ў прыёмнай і абавязаў супрацоўнікаў мець зносіны зь ім толькі праз мэсэнджары. Таксама ён, паводле КДБ, забараніў наведваць прадпрыемства прадстаўнікам дзяржаўных органаў безь ягонага ведама, сфармаваў сваю каманду мэнэджараў зь ліку сваякоў і былых падначаленых і «цалкам замкнуў фінансавыя плыні на сябе».
Значную частку высокаліквіднай малочнай прадукцыі «Бабушкінай крынкі» (каля 50% сыроў і масла) сталі рэалізоўваць праз блізкую сувязь Скітава зь Сіруцем — кіраўніком шэрагу афіліяваных кампаній, паведамілі ў КДБ. Паводле ведамства, Скітаў стварыў для кампаній Сіруця прэфэрэнцыйныя ўмовы адгрузак гатовай прадукцыі, а зь цягам часу Сіруць літаральна манапалізаваў экспартныя патокі прадпрыемства: іншыя бізнэсоўцы маглі мець доступ да прадукцыі толькі пры ўзгадненьні зь ім.
Паводле КДБ, памер злачынных даходаў ад пасярэдніцкай дзейнасьці ўсіх удзельнікаў схемы ацэньваецца больш як у 10 млн рублёў у год.
Што вядома пра прадпрыемства
Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Бабушкіна крынка» створана на базе Магілёўскага малочнага камбінату ў 2006 годзе.
Цяпер прадпрыемства зьяўляецца адным з найбольшых вытворцаў натуральнай малочнай прадукцыі ў Беларусі. Вытворчыя магутнасьці дазваляюць перапрацоўваць да трох тысяч тон малака ў дзень.
Сыравінная зона ахоплівае 18 з 21 раёна Магілёўскай вобласьці.
26 кастрычніка ў Менску на міжнародным форуме «Беларусь малочная» прадстаўнікі кіроўнага складу прадпрыемства атрымалі ганаровыя прэміі «Вялікія зоркі малочнага шляху».
Як адзначаецца на афіцыйным сайце прадпрыемства, першы намесьнік генэральнага дырэктара Арцём Зубель атрымаў прэмію ў намінацыі «Лідэр каманды» і падзяку Міністэрства сельскай гаспадаркі, а начальнік аддзелу зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Аляксей Драніца — у намінацыі «Майстар перамоў». Гэтыя ўзнагароды ўручаў асабіста міністар сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ.