Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграном, дэпутат, кіраўнік прафсаюзу і памочнік Лукашэнкі. Што вядома пра новага міністра сельскай гаспадаркі


Сяргей Барташ, міністар сельскай гаспадаркі Беларусі
Сяргей Барташ, міністар сельскай гаспадаркі Беларусі

Свабода сабрала галоўныя факты прафэсійнай і чыноўніцкай біяграфіі новага міністра.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра сельскай гаспадаркі. Ім стаў Сяргей Барташ, які апошнія 10 месяцаў працаваў памочнікам Лукашэнкі, інспэктарам па Гомельскай вобласьці.

«Зь некалькіх кандыдатур, якія мне прапанавалі тыдзень таму, я выбіраю вас. Таму што ў вас прыстойны жыцьцёвы шлях. Вельмі важна, каб міністар абавязкова папрацаваў і кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства. Гэта надзвычай важна», — сказаў Лукашэнка, прызначаючы Сяргея Барташа. Яго працытавала БелТА.

Свабода сабрала галоўныя факты прафэсійнай і кіраўнічай біяграфіі новага міністра.

Тры адукацыі чыноўніка

Сяргею Барташу 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці і менавіта там пачынаў сваю прафэсійную дзейнасьць.

Скончыў Горадзенскі дзяржаўны сельгасынстытут, потым Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Берасьцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту і Акадэмію кіраваньня. Мае дыплёмы па спэцыяльнасьцях «аграномія», «мэнэджмэнт у АПК», «кіраваньне прадпрыемствамі АПК».

У Пружанскім раёне ён працаваў аграномам, інжынэрам-гідратэхнікам, потым больш за 10 гадоў кіраваў аграрным прадпрыемствам «Ліноўскае». Быў дэпутатам Пружанскага раённага савету дэпутатаў і ўзначальваў Пружанскае раённае аб’яднаньне арганізацый прафсаюзаў.

У 42 гады канчаткова перайшоў у сыстэму выканаўчай улады

З 2016 году ў сыстэме выканаўчай улады Сяргей Барташ працаваў намесьнікам Кобрынскага райвыканкаму, потым узначальваў камітэт па сельскай гаспадарцы Берасьцейскага аблвыканкаму.

Але ў 2020-м яго прызначылі кіраваць Бярозаўскім райвыканкамам, а праз два гады Барташ «вырас» адразу да памочніка Лукашэнкі па Гомельскай вобласьці.

Ініцыятывы па прапагандзе сельскай гаспадаркі

У 2019 годзе на пасадзе кіраўніка камітэту сельскай гаспадаркі Берасьцейскага аблвыканкаму ён падтрымаў ініцыятыву выдаць «Кнігу гонару», прысьвечаную «лепшым аграрыям Берасьцейшчыны за 80 гадоў».

На прэзэнтацыі кнігі Сяргей Барташ адзначаў, што Берасьцейская вобласьць «дадала ў вытворчасьці малака» і «экспартуе 58% ад агульнадзяржаўнага аб’ёму малочнай прадукцыі».

У статусе памочніка Лукашэнкі па Гомельскай вобласьці адстойваў неабходнасьць павялічваць і разьвіваць у рэгіёне садаводзтва паводле «інтэнсіўных тэхналёгіяў».

На інфармацыйных сустрэчах расказваў пра клясычныя сямейныя каштоўнасьці і ядзерную зброю

Апошні год Сяргей Барташ, як і большасьць чыноўнікаў, праводзіў «інфармацыйныя сустрэчы» ў аграгарадках і са студэнтамі. На іх расказваў, што робіць дзяржава для паляпшэньня дэмаграфіі і прапаганды «клясычных сямейных каштоўнасьцяў».

«Гэта, у першую чаргу, рэалізацыя дзяржпраграм, якія ўключаюць сыстэму падрыхтоўкі моладзі да сямейнага жыцьця, забесьпячэньня якасьці і даступнасьці мэддапамогі жанчынам і дзецям, падтрымку сямей зь дзецьмі і паляпшэньне ўмоў іхнага жыцьця праз наданьне розных ільготаў і выплаты сямейнага капіталу», — цытавалі памочніка Лукашэнкі на афіцыйным сайце Гомельскага аблвыканкаму.

На сустрэчы ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту сёлета ў красавіку Сяргей Барташ пераконваў студэнтаў і пэдагогаў, што Беларусь ня ўступіць «у збройны канфлікт». «Калі агрэсія будзе скіравана супраць нас, то мы, вядома ж, адкажам», — сказаў ён і фактычна паўтарыў словы Лукашэнкі аб тым, што ядзерная зброя — «той фактар, якога баіцца ўвесь сьвет, і менавіта гэты фактар стрымлівае вонкавую агрэсію».

Што вядома пра сям’ю

Сяргей Барташ мае жонку Тацяну, але пра дзяцей нічога не паведамляецца.

Камэнтуючы сёлета чарговую гадавіну пачатку Другой усясьветнай вайны, ён паведаміў што адзін ягоны дзед быў у партызанах усю вайну, а другі — у канцлягеры. «Перадаю гэтыя веды і дзецям. Хацелася б, каб кожнае дзіця, кожны школьнік ведаў, як ягоную сям’ю закранула вайна», — сказаў ён.

Вазіў падарункі ўцекачам з Украіны

Летась перад Новым годам Сяргей Барташ наведаў у Гомлі ўкраінскую сям’ю, якая ўцякла з Луганскай вобласьці пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Сям’і з двума дзецьмі выдзелілі трохпакаёвую кватэру. Бацькі атрымалі магчымасьць працаваць, а дзеці — вучыцца.

«Гэта будуць ужо нашыя дзеткі», — сказаў Сяргей Барташ, перадаючы дзецям салодкія падарункі і цацкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG