Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «ўмяшаньня староньніх» пад Разаньню сышлі з рэек 18 грузавых вагонаў, у Тамбоўскай вобласьці РФ — зноў пажар на парахавым заводзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Разанскай вобласьці Расеі 11 лістапада сышлі з рэек 19 вагонаў грузавога цягніка.

У Маскоўскай чыгунцы ўдакладнілі, што інцыдэнт адбыўся ў 7:12 на перагоне Рыбнае-Блакпост.

У выніку нязначныя траўмы атрымаў памочнік машыніста, больш ніхто не пацярпеў. Маштабы ўрону высьвятляюцца. У Маскоўскай чыгунцы дадалі, што, паводле папярэдніх зьвестак, сыход з рэек адбыўся з прычыны «ўмяшаньня староньніх асобаў» у работу чыгуначнага транспарту.

Крыніца, блізкая да МУС Расеі, паведаміла РБК, што пры руху грузавога складу ў раёне станцыі Дзягілева ў Разанскай вобласьці адбыўся «хлапок». Тэлеграм-канал Mash паведамляе, што перад сыходам цягнікоў з рэек было чуваць выбух, пашкоджанае чыгуначнае палатно.

У кампаніі адзначылі, што пагрозы экалёгіі няма, а на рух пасажырскіх і прыгарадных цягнікоў тое, што адбылося, не паўплывае.

Тым часам у Котаўску Тамбоўскай вобласьці Расеі ў ноч на 11 лістапада на парахавым заводзе адбыўся пажар. Відавочцы таксама сьцьвярджаюць, што яму папярэднічаў выбух, пішуць тэлеграм-каналы «База», «Осторожно, новости» і Astra.

У МНС рэгіёну пацьвердзілі інфармацыю аб пажары. Паводле ведамства, пажар узьнік у аднапавярховым будынку завода і ахапіў каля трохсот квадратных мэтраў. Яго ўжо патушылі, загінулых і пацярпелых няма. Прычыны і абставіны пажару ўдакладняюцца.

Гэта ўжо другі за паўгода такі інцыдэнт на Тамбоўскі парахавым заводзе. У чэрвені там адбыўся выбух, пасьля чаго таксама пачаўся пажар. У выніку загінулі чатыры чалавекі, дванаццаць атрымалі траўмы. Прычынай выбуху ўлады назвалі «чалавечы фактар».

  • З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі і Расеі пэрыядычна адбываліся інцыдэнты на чыгунцы, у выніку якіх адбываліся збоі ў пастаўцы вайсковай тэхнікі і жывой сілы расейскай арміі ва Ўкраіну.
  • Першыя «рэйкавыя партызаны» ў Беларусі зьявіліся пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. У канцы 2020 году стала вядома пра дзясяткі затрыманьняў людзей, якія нібыта шкодзілі чыгуначныя шляхі, абкручвалі дротам рэйкі. Улады Беларусі прадстаўлялі гэтыя дзеяньні як барацьбу пратэстоўцаў з рэжымам Лукашэнкі.
  • Пазьней затрыманьні «рэйкавых партызан» сталі больш жорсткімі (у Бабруйску двум мужчынам прастрэлілі ногі пры затрыманьні), а тэрміны зьняволеньня для іх — «драконаўскімі» часам — больш за 20 гадоў зьняволеньня. Многіх затрыманых за дывэрсіі на чыгунцы ўнесьлі ў «тэрарыстычны сьпіс». Большасьць судоў над імі праходзілі ў закрытым рэжыме.
  • Пасьля пачатку «рэйкавай вайны» беларускія ўлады выдалі закон, які дазваляе расстрэльваць ня толькі за «тэракт», але і за намер на яго.
  • У кастрычніку Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў парадак інфармаваньня «аб пагрозах учыненьня і ажыцьцяўленьні актаў незаконнага ўмяшаньня на аб’ектах транспартнай інфраструктуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG