Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватныя клінікі анэксаванага Крыму больш ня будуць рабіць аборты. Як яны гэта патлумачылі і пры чым тут Лагойск


Тэст на цяжарнасьць. Ілюстрацыйнае фота
Тэст на цяжарнасьць. Ілюстрацыйнае фота

Прыватныя клінікі ў анэксаваным Крыме паведамілі аб адмове ад правядзеньня абортаў. Адпаведнае апавяшчэньне перададзена ў Міністэрства аховы здароўя паўвострава.

«Штучнае перарываньне цяжарнасьці ў Крыме будзе праводзіцца толькі ў дзяржаўных мэдарганізацыях», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Па словах падкантрольнага расейскім уладам кіраўніка крымскага Міністэрства аховы здароўя Канстанціна Скарупскага, раней кіраўнікам камэрцыйных клінік было прапанавана адмовіцца ад правядзеньня абортаў, каб зрабіць унёсак у паляпшэньне дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне.

Ведамства таксама адзначае, што ў дзяржклініках жанчынам, якія вырашылі перапыніць цяжарнасьць, будуць расказваць аб існуючых мерах сацпадтрымкі. Пацыентак будуць адпраўляць «на псыхалягічнае перадабортнае кансультаваньне».

Расейскія ўлады актыўна абмяркоўваюць меры па абмежаваньні правоў жанчын на аборт. У ліпені кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка пасьля сустрэчы з дэпутатамі «Единой России» заявіў, што ў Расеі маюць намер абцяжарыць доступ да прэпаратаў для перапыненьня цяжарнасьці.

Па дадзеных аналітычнай кампаніі RNC Pharma, у 2022 годзе попыт расейцаў на прэпараты для перапыненьня цяжарнасьці вырас адразу на 50-60%. Экспэрты лічаць, што такая дынаміка зьвязаная з сумневамі жанчын у неабходнасьці нараджаць дзяцей у бягучай палітычнай сытуацыі.

У Беларусі апошнія гады жанчын, якія хочуць рабіць аборт, вымушаюць праходзіць так званае перадабортнае кансультаваньне, мэтай якога было і ёсьць адгаварыць жанчыну ад перарываньня цяжарнасьці. У Беларусі даўно ёсьць мінімум адзін горад без абортаў — у Лагойску ўсе мэдыкі з адпаведнай кваліфікацыяй адмаўляюцца рабіць гэтую працэдуру. Гэта ўсё адбываецца пры падтрымцы праваслаўнай царквы.

Апошнім часам улады Беларусі ўсё часьцей заклікаюць беларусак нараджаць дзяцей, а таксама выказваюцца на тэму дэмаграфіі і нараджальнасьці. Так, старшыня Савету Рэспублікі Беларусі Качанава заявіла, што галоўнае ў жыцьці — нараджаць беларусаў, Лукашэнка таксама пэрыядычна заяўляе, што жанчынам трэба нараджаць, а Васкрасенскі — што беларускі народзяць новых дзяцей «замест тых, што зьехалі».

У Беларусі ў апошнія гады штогод на 10% зьніжаецца нараджальнасьць, сьведчаць словы намесьніцы дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алены Гашкевіч. Вайна, эканамічныя цяжкасьці, палітычныя рэпрэсіі апошніх гадоў — усё гэта не спрыяе пазытыўнай ацэнцы сьвету, таму людзі не сьпяшаюцца заводзіць дзяцей, адзначаюць незалежныя экспэрты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG