Пасьля пратэстаў 2020 году ў Беларусі было зарэгістравана больш за 16 тысяч злачынстваў «экстрэмісцкага характару», заявіў генпракурор Андрэй Швед, выступаючы на 21-м пасяджэньні генпракурораў дзяржаў-чальцоў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Паводле Шведа, больш за 70% «экстрэмісцкіх» злачынстваў зьдзейсьнілі з выкарыстаньнем інфармацыйных тэхналёгій, таму ў Беларусі паводле рашэньняў пракурораў блякуюць інтэрнэт-рэсурсы.
На думку генпракурора, «прытрымліваньне прынцыпу непазьбежнасьці пакараньня адыграла важную прафіляктычную ролю ў навядзеньні парадку», і цяпер грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі стабілізавалася, а колькасьць «экстрэмісцкіх» злачынстваў значна зьменшылася і працягвае зьмяншацца.
- Паводле стану на 8 лістапада ў Беларусі праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 1460 чалавек. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць нават большай. Агулам, паводле праваабаронцаў, колькасьць чалавек, прызнаных палітвязьнямі з траўня 2020 году, склала каля 2800 чалавек.
- Палітвязьні ў калёніях зазнаюць надзвычай жорсткае абыходжаньне, ім адвольна і выбарча выносяць спагнаньні ў дысцыплінарным парадку, чым пагаршаюць становішча, нярэдка падаўжаюць тэрмін пазбаўленьня волі падчас альбо пасьля адбыцьця пакараньня па прысудзе, адзначаюць праваабаронцы.
- Таксама праваабаронцы працягваюць фіксаваць адвольныя арышты, асуджэньне, катаваньні і іншыя віды забароненага абыходжаньня ў дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў, палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў. Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, паводле праваабаронцаў, па-ранейшаму крытычная.