Намесьніка старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімера Базанава, які ехаў на матч жаночай зборнай Беларусі супраць каманды Славеніі, які праходзіў у Вэнгрыі, не пусьцілі ў Польшчу, а яго візу анулявалі. Пра гэта стала вядома Tribuna.com.
За камэнтаром наконт ануляваньня візы намесьніка кіраўніка БФФ выданьне «Зеркало» патэлефанавала ў прэс-службу Памежнай службы Польшчы.
«Мы не паведамляем журналістам аб пэрсаналіях асоб, якія перасякаюць мяжу Рэспублікі Польшча», — адказалі ў прэс-службе.
Раней Базанаў ня мог паехаць разам з жаночай нацыянальнай камандай Беларусі праз краіны Балтыі, бо з 20 лістапада 2020 году ён знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах Літвы, Латвіі і Эстоніі.
Прычыны адмовы ў праезьдзе на тэрыторыю Польшчы, а таксама ануляваньня візы на гэты момант невядомыя.
Раней было некалькі іншых выпадкаў, калі Базанава не пускалі ў Польшчу і Чэхію.