Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая хваля антысэмітызму і да чаго тут жаночае абразаньне


У аэрапорце Махачкалы 29 кастрычніка 2023. Каля тысячы чалавек на антысэміцкай акцыі заблякавалі аэрапорт — яны выйшлі на пратэст у связі з прыбыцьцём рэйсу Тэль-Авіў — Махачкала.
У аэрапорце Махачкалы 29 кастрычніка 2023. Каля тысячы чалавек на антысэміцкай акцыі заблякавалі аэрапорт — яны выйшлі на пратэст у связі з прыбыцьцём рэйсу Тэль-Авіў — Махачкала.

Наўрад ці шмат хто з нас чакаў, што дажыве да новых пагромаў і што разьюшаны натоўп будзе ламаць дзьверы ў службовыя памяшканьні аэрапорта ў пошуку габрэяў, як гэта здарылася ўчора ў Дагестане. Але вось мы на гэтай гістарычнай старонцы, дзе новая хваля вайны паміж Ізраілем і ХАМАС падняла іншую хвалю — антысэмітызму — па ўсім сьвеце.

Некаторыя справядліва адзначаюць, што ўсё ня так проста і што цяперашнія хвалі антыізраільскіх пратэстаў выкліканыя ня толькі антысэмітызмам. Усё і праўда складана, бо ў гэтых пратэстах удзельнічаюць часам і самі габрэі. Але і антысэмітызм, які, быццам цунамі, захоплівае новыя тэрыторыі, таксама было б дзіўна ігнараваць.

І калі з цунамі ўсё хоць неяк прадказальна, бо яно рухаецца па простай лініі з пункту А ў пункт Б, дык антысэмітызм праяўляецца хаатычна, і ўявіць, дзе будзе наступная ўспышка, наўрад ці магчыма.

Вось у Польшчы на дэманстрацыі дзяўчына нясе плякат з заклікам трымаць сьвет у чысьціні ад габрэяў, а вось на ўваходзе ў кніжную краму ў Стамбуле зьявілася шыльда «Габрэям уваход забаронены».

У Бэрліне б'юць кулакамі і плююць у вокны габрэйскай рэстарацыі.

А ўвечары 29 кастрычніка мы ўбачылі самы сапраўдны пагром у Махачкале, сталіцы Дагестану: там натоўп разьюшаных мужчын абшукваў аэрапорт у пошуках габрэяў і літаральна штурмаваў самалёт з Тэль-Авіву.

Можна доўга разважаць пра тое, што сьвет зварʼяцеў, мы нічому не навучыліся за апошняе стагодзьдзе, а ўсё патасныя словы пра ўрокі Другой сусьветнай вайны былі пустымі гукамі. І ўсё гэта будзе, відаць, праўдай. Мы цяпер быццам спускаемся ў цемру.

Мы пажылі пэўны спакойны пэрыяд безь вялікіх войнаў на тэрыторыі Эўропы, а потым усё пайшло ня так – спачатку Расея стала чыніць акты генацыду ва Ўкраіне, цяпер вяртаюцца зь небыцьця габрэйскія пагромы. Але я хачу сказаць пра іншае.

Цяперашні крызіс і антысэміцкія настроі чарговы раз паказваюць, наколькі ўсё ў сьвеце зьвязана і як небясьпечна ігнараваць праблемы нейкага рэгіёну, бо ён ад нас далёкі.

Штогод у Дагестане мінімум 1240 дзяўчат праходзяць праз апэрацыі на палавых органах, якія калечаць іх і назаўжды пагаршаюць якасьць жыцьця.

Сьвет даволі пасьпяхова ігнаруе гэтыя масавыя зьдзекі – хтосьці прыкрываецца геаграфічнай аддаленасьцю, хтосьці кажа, што ня трэба лезьці ў чужыя традыцыі, хтосьці нават апраўдвае сваю абыякавасьць дэкаляніялізмам. Мы нібыта нічога не разумеем і ня маем права навязваць свае культурныя нормы іншым народам, бо гэта праява каляніяльнага мысьленьня, якога трэба пазбаўляцца.

Але вось якая рэч: расчалавечваньне заўжды пачынаецца з жанчын і дзяўчатак. І калі мужчынам дазваляюць гэта, яны ідуць далей і прыдумляюць штосьці новае. Так заўжды бывае з людзьмі, якія атрымалі ўладу, змаглі ёй злоўжываць і не былі за гэта пакараныя. Таму, калі мы бачым натоўп мужчын, якія штурмуюць самалёт у пошуку габрэяў, мы мусім разумець, што гэты антысэмітызм ня ўзяўся з паветра – гэта цалкам лягічны працяг агульнай мясцовай палітыкі.

Мы спадзяваліся, што можна абстрагавацца ад таго, што ў Дагестане робяць са сваімі ж, а цяпер зьдзіўляемся, што кепскае сталі рабіць з чужымі. Здаецца, прыйшоў час пасталець і прызнаць: пакуль мы заплюшчвалі вочы на беды ў далёкіх і культурна адрозных рэгіёнах, мы проста стваралі ілюзію, што нас гэта ніяк не закране.

Але – сюрпрыз! Нянавісьць ня ведае палітычных і геаграфічных межаў, і вось у Эўропе зноў небясьпечна быць габрэем ці габрэйкай. Магчыма, вандроўкі ў часе выглядаюць менавіта так.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG