Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія дыпляматы традыцыйна ўшанавалі ў Курапатах памяць ахвяр таталітарызму


European diplomats commemorated the victims of totalitarianism in Kurapaty, October 30
European diplomats commemorated the victims of totalitarianism in Kurapaty, October 30

«Маем надзею, што ўрокі гісторыі будуць засвоеныя», — адзначаецца ў паведамленьні прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

Дыпляматы краін Эўрапейскага зьвязу, Вялікай Брытаніі і Швайцарыі з нагоды Дзядоў, Дня памяці продкаў, наведалі Курапаты, каб ушанаваць «памяць пра незьлічоныя жыцьці і таленты, зьнішчаныя пошасьцю таталітарызму».

Як паведамляецца на старонцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі ў Facebook, «народны мэмарыял Курапаты — сьведка нястомнай працы многіх адважных беларусаў, што ў любое ліхалецьце дбалі пра абарону годнасьці ахвяраў і нацыянальнай гістарычнай памяці».

Эўрапейскія дыпляматы ўшанавалі ў Курапатах памяць ахвяр таталітарызму, 30 кастрычніка 2023 году
Эўрапейскія дыпляматы ўшанавалі ў Курапатах памяць ахвяр таталітарызму, 30 кастрычніка 2023 году

«Маем надзею, што ўрокі гісторыі будуць засвоеныя», — адзначаецца ў паведамленьні.

Беларуская прапагандыстка Людміла Гладкая прыехала ў Курапаты якраз у час знаходжаньня там эўрапейскіх дыпляматаў, каб запытаць, што яны «будуць пісаць у сваіх справаздачах». Яна абнародавала відэазапісы ў сваім тэлеграм-канале. Дыпляматаў яна назвала «эўракарусельшчыкамі», якія нібыта прыехалі ў Курапаты, толькі каб сфатаграфавацца для справаздач.

Дыпляматы эўрапейскіх краін штогод на Дзяды наведваюць урочышча Курапаты, якія сталі сымбалем маштабаў камуністычных рэпрэсій у Беларусі.

Паводле розных падлікаў, у лясным масіве пад Менскам з 1937-га па 1941 год карнікі НКВД расстралялі ад 30 да 250 тысяч чалавек. Гэта пацьвердзілі ўсе праведзеныя расьсьледаваньні.

Мяркуецца, менавіта тут знайшлі свой вечны спачын і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.

Пасьля прыходу да ўлады ў 1994-м Аляксандра Лукашэнкі праз Курапаты збудавалі частку аўтадарогі, у другой частцы ўрочышча нярэдка адбываліся правакацыі — невядомыя, якіх міліцыя ніколі не магла знайсьці і прад’явіць грамадзкасьці, апаганьвалі крыжы, разьбівалі «лаву Клінтана», малявалі свастыкі і прарасейскія лёзунгі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG