Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры пажары на шахце ў Казахстане загінулі сама меней 32 шахтары, пошукі яшчэ 14 чалавек працягваюцца

абноўлена

Архіўнае фота. Шахта імя Кастэнкі, 2012 год
Архіўнае фота. Шахта імя Кастэнкі, 2012 год

28 кастрычніка ў Карагандзінскай вобласьці Казахстану адбылася аварыя ў шахце імя Кастэнкі. Паводле апошніх зьвестак, загінулі 32 шахтары.

Паводле зьвестак на 13.00 менскага часу, у выніку аварыі на шахце загінулі 32 шахтары, яшчэ 14 чалавек працягваюць шукаць, паведамляе МНС Казахстану.

Агулам у шахце знаходзіліся 252 шаштары, 208 зь іх вывелі на паверхню, 18 чалавек зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу, паведаміла раніцай кампанія-ўладальнік шахты «АрселорМіттал Цеміртаў».

«У таксыкалёгіі знаходзяцца 15 чалавек, якія атруціліся газам. Адзін пацыент з рознымі траўмамі знаходзіцца ў рэанімацыі, адзін — у траўматалягічным аддзяленьні, яшчэ адзін хворы накіраваны на амбуляторнае лячэньне», — паведаміла начальніца ўпраўленьня аховы здароўя Карагандзінскай вобласьці Бібігуль Талегенава.

Кампанія «АрселорМіттал Цеміртаў» паведаміла, што пажар мог узьнікнуць пасьля выбуху мэтану на вугальнай шахце.

29 кастрычніка аб’яўлены ў Казахстане днём жалобы. У сувязі з інцыдэнтам створаная ўрадавая камісія.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў выказаў спачуваньні сваякам загінулых у выніку аварыі шахтараў і даручыў ураду спыніць інвэстыцыйнае партнэрства з «АрселорМіттал Цеміртаў».

  • Акрамя шахты імя Кастэнкі, кампанія «АрселорМіттал Цеміртаў» валодае ў Казахстане 15 вугальнымі шахтамі і жалезаруднымі руднікамі. Кампанія кантралюецца індыйска-брытанскім мільярдэрам Лакшмі Міталам.
  • Гэта ўжо другая аварыя на шахтах «АрселорМіттал Цеміртаў» за апошнія тры месяцы. У жніўні пры пажары на іншай шахце кампаніі «Казахстан» загінулі 5 чалавек, 16 атрымалі раненьні.
  • Паводле афіцыйнай інфармацыі, за апошнія 15 гадоў на прадпрыемствах «АрселорМіттал Цеміртаў» загінула больш за 100 чалавек.
  • Пасьля шэрагу сьмяротных здарэньняў на шахтах кампаніі высокапастаўленыя чыноўнікі казалі, што на парадку дня «стаіць пытаньне зьмены ўласьніка» прадпрыемстваў. Улады заяўлялі, што кампанія не выконвае абавязацельствы па мадэрнізацыі вытворчасьці і інвэстыцыях, дапускае парушэньні правілаў тэхнікі бясьпекі, таму ўрад ня бачыць пэрспэктываў знаходжаньня кампаніі ў Казахстане. Аднак якіх-небудзь дзеяньняў усьлед за гучнымі заявамі не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG