Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнікі расейскай шахты, дзе загінуў 51 чалавек, расказалі пра наўмыснае заніжэньне паказчыкаў мэтану


Людзі ўскладаюць кветкі да мэмарыялу памяці ахвяраў аварыі на шахце «Ліствяжная»
Людзі ўскладаюць кветкі да мэмарыялу памяці ахвяраў аварыі на шахце «Ліствяжная»

Работнікі шахты «Ліствяжная» ў кемераўскай вобласьці Расеі, дзе некалькі дзён таму ў выніку аварыі загінуў 51 чалавек, расказалі журналістам, што перад зьменамі ім неаднаразова выдавалі датчыкі, наладжаныя так, каб яны заніжалі паказчыкі канцэнтрацыі мэтану ў шахце.

Па словах гарнякоў, зь якімі пагутарылі журналісты РБК, датчыкі былі знутры праклеены двухбаковым скотчам, каб туды не паступала паветра, «і ён ня тыя дадзеныя паказваў, якія ёсьць насамрэч».

Пры гэтым у жніўні і лістападзе гэтага года, як сьцьвярджаецца, датчыкі ўсё ж фіксавалі перавышэньне паказчыкаў мэтану ў шахце — адпаведныя фота і відэа гарнякі перадалі журналістам.

Шахтары ўскладаюць адказнасьць за няспраўныя датчыкі на кіраўніцтва шахты, сьцьвярджаючы, што яно пайшло на такі крок, каб супрацоўнікі падраднай арганізацыі не адмаўляліся ад працы.

Гарнякі таксама распавялі РБК аб праблемах з эвакуацыяй з шахты пасьля выбуху. Па іх словах, у першыя паўтары гадзіны пасьля аварыі на месцы здарэньня нікога не было, у тым ліку мэдыкаў і ратавальнікаў, а эвакуацыяй работнікаў займаліся іх калегі.

Аварыя адбылася 25 лістапада. Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб парушэньні патрабаваньняў прамысловай бясьпекі небясьпечных вытворчых аб’ектаў, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека.

Затрымалі дырэктара шахты, ягонага першага намесьніка і начальніка ўчастку.

  • Сёлета праверка рэгіянальнага ўпраўленьня Растэхнагляду выявіла амаль 140 парушэньняў у арганізацыі працы шахты «Ліствяжная». Парушэньні выявілі ў сыстэмах вэнтыляцыі і раньняга рэагаваньня на пажары, паведамляе ТАСС.
  • У 2020 годзе на шахце «Ліствяжная» Растэхнагляд выявіў 18 сурʼёзных парушэньняў прамысловай бясьпекі (у тым ліку адсутнасьць на шахце бесьперапыннага аўтаматычнага кантролю газавага пылавога рэжыму — паводле адной з вэрсій, менавіта ўзгараньне пылу прывяло да выбуху і пажару). Аднак пазьней наглядны орган не правяраў выкананьне прадпісаньняў. Таксама пры праверцы высьветлілася, што ў некаторых месцах шахта не была абсталяваная сродкамі пажаратушэньня, а час спрацоўваньня датчыка кантролю мэтану амаль удвая перавышае норму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG