«Я паехаў у Маскву, хаця ненавідзеў яе»
Віталю Патлісу з Горадні 48 гадоў. Вучыўся на гісторыка, у Варшаве скончыў курс MBA (адміністраваньне бізнэсу. — РС). Працаваў у горадзенскай гімназіі, пасьля заняўся камэрцыяй. Быў генэральным дырэктарам на заводзе ўпакоўкі «Паліміз» у Барысаве. Кажа, што дапамагаў Кірылу Рудому (тады памочніку Лукашэнкі ў эканамічных пытаньнях. — РС) распрацоўваць плян стратэгіі разьвіцьця Беларусі да 2030 году, але яго не ўхвалілі.
У 2015 годзе ён стаў падазраваным у крымінальнай справе за «злоўжываньне паўнамоцтвамі». Як мяркуе сам Патліс, праз канфлікт уласьнікаў заводу «Паліміз». Страціў працу. Праз паўгода справу закрылі. У 2016 годзе пераехаў у Расею.
«Я яшчэ не адчуваў такой пагрозы з усіх бакоў. Што такое выехаць за мяжу? Гэта пальцам у неба і ў нікуды. Гэта цяжкія рашэньні», — тлумачыць ён, чаму выбраў Расею для пераезду.
Віталь атрымаў добрую прапанову працы — намесьнікам генэральнага дырэктара ў арганізацыю, якая вырабляла пакавальную плёнку. Гаворыць, што кіраваў некалькімі заводамі ў Расеі.
«Я паехаў у Маскву, хаця ненавідзеў яе, колькі разоў ні езьдзіў у гэты горад. Я заўжды казаў: я не хачу тут жыць ніколі ў жыцьці і ня здолею. Але да ўсяго прывыкаеш», — расказвае суразмоўца. У Расеі ён у выніку пражыў пяць гадоў.
Калі банк, якому належалі заводы, нацыяналізавалі, Віталь зноў страціў працу і заняўся ўласным бізнэсам. Стварыў у Маскве некалькі фірмаў па ляндшафтным дызайне, добраўпарадкаваньні, асьвятленьні.
«Я ўвогуле думаў, што да суду ня дойдзе»
Празь нейкі час у Маскве на Патліса завялі крымінальную справу. У сьнежні 2019 году яго абвінавацілі ў «махлярстве, зьдзейсьненым арганізаванай групай у буйным памеры» (частка 4 артыкулу 159 Крымінальнага кодэксу РФ). Заяву на Патліса напісалі з адміністрацыі раёну «Новая Масква», які добраўпарадкавала фірма беларуса.
Па словах суразмоўцы, прэтэнзія была ў тым, што яны пасадзілі менш кустоў і дрэваў, чым меліся па дамове. Колькасьць недапасаджаных кустоў, паводле пацярпелага боку, некалькі разоў мянялася: ад 4600 штук да 6450. Сам Віталь сьцьвярджае, што выканаў заказ цалкам.
«Я прыехаў на аб’ект. Зрабіў азеляненьне. Мне ўсе дакумэнты падпісалі. Я шчасьлівы і задаволены далей іду працую, бо ў мяне шмат іншых аб’ектаў», — расказвае ён сваю вэрсію.
Віталь думае, што ў Расеі стаў ахвярай барацьбы за ўладу ў адміністрацыі раёну: адны чыноўнікі падпісалі, што з азеляненьнем усё ў парадку, а другія паскардзіліся ў пракуратуру, што нешта ня так.
«Мы іх разбамбілі ў судзе цалкам. Я ўвогуле думаў, што да суду ня дойдзе. Звычайную арбітражную спрэчку ператварылі ў крымінальную справу... Кошт гэтых умоўна недасаджаных кустоў — 200 тысяч (расейскіх рублёў). Калі ў цябе кантракт на 7-8 мільёнаў, дзе сэнс?», — разважае Віталь.
«Адвакат мне кажа: „Пішы, што ты нічога не разумееш“»
25 сьнежня 2019 году Патліса схапілі на вуліцы ў Маскве, пратрымалі пяць дзён у ізалятары. Потым адвакат дапамог яму выйсьці з-пад варты на час расьсьледаваньня справы. Паўгода мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам, ня меў права тэлефанаваць, карыстацца інтэрнэтам, выходзіць на шпацыры. На нагу яму надзелі бранзалет, які адсочваў месцазнаходжаньне.
У верасьні 2020 году пачаўся суд. Падчас працэсу Віталь заявіў, што кепска валодае расейскай мовай і запатрабаваў перакладчыка на беларускую. Заяву ён пісаў па-расейску. Ранейшыя кароткія паказаньні таксама даваў па-расейску.
«Я заявіў, што сьледзтва вялося безь перакладчыка, я не разумею абвінавачаньня, бо атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Варшаве, вучыўся ў беларускамоўнай школе. Адпаведна, я добра гавару па-беларуску і вашу расейскую мову так глыбока я не разумею», — успамінае Віталь.
Судзьдзя хутка пагадзіўся і прызначыў перакладчыка. Гэта быў беларус, які адвучыўся на беларускай філялёгіі, але даўно жыў у Маскве. Знайсьці перакладчыка на беларускую ў расейскай сталіцы аказалася няпроста, успамінае суразмоўца. Праз доўгія пошукі перанесьлі два судовыя паседжаньні.
Урэшце перакладчык стаў прыходзіць на паседжаньні, але не перакладаў нічога вусна. Пад канец разгляду ў судзе ён пераклаў усе асноўныя дакумэнты на беларускую мову. Патліс напрыканцы падпісваў толькі дакумэнты па-беларуску. Віталь успамінае, што ідэя запрасіць перакладчыка прыйшла ім у галаву сумесна з адвакатам.
«Адвакат мне кажа: „Пішы, што ты нічога не разумееш“. Я пытаюся: „На якой падставе?“ Ён кажа: „Я ня ведаю... Ты ж адкуль — зь Беларусі? Пішы, што ты не разумееш мову“. Згулялі „на дурачку“», — успамінае ён.
«У Беларусі больш жорстка»
Віталь разам з адвакатам чакалі апраўдальнага рашэньня. Аднак у сакавіку 2021 году яго асудзілі на тры гады калёніі агульнага рэжыму. У залі суду прадпрымальніка ўзялі пад варту. Потым амаль 8 месяцаў ён правёў у расейскіх турмах: СІЗА № 5 Масквы, Бутырскай турме ў Маскве, турме ў Калузе, турме пад Бранскам. За кратамі ў беларуса абвастрылася арытмія. Па вызваленьні давялося доўга лячыць сэрца.
Былы зьняволены ўспамінае, як у расейскім СІЗА яны мусілі мыцца ў душы пад кіпнем. Адзін сукамэрнік пасьля гэтага страціў прытомнасьць, а Віталь рабіў яму масаж сэрца. Аднойчы ён ратаваў арыштанта, у якога ішла кроў з носа і з рота і якому не сьпяшаліся дапамагаць супрацоўнікі турмы.
«Калі ў чалавека з носа і рота льецца вялікая колькасьць крыві і ты ня ведаеш, што рабіць, гэта страшна», — прызнаецца ён.
Яшчэ адзін зь яркіх успамінаў — этап у Калугу, калі трэба было ўпрысядкі ісьці ў кайданках з рэчамі побач з раззлаванымі аўчаркамі.
«Мая псыхіка абаронча рэагавала. Я думаў: гэта я ў кіно здымаюся пра фашыстаў, пра канцлягер, і я актор. Гэты стан дапамог мне перажыць жудасны момант у Калузе, калі нас паставілі на калені да сьценкі, пакуль афармлялі: „Галаву не падымаем, на мяне не глядзець“», — успамінае суразмоўца.
Нягледзячы на ўсё перажытае, суразмоўца мяркуе, што ў беларускіх установах больш жорсткае стаўленьне да вязьняў. Ён не сядзеў у беларускай турме, але чытае і слухае сьведчаньні беларускіх экс-вязьняў. Патліс меў права знаходзіцца пад вартай у Беларусі, але не скарыстаўся ім.
«Пэнітэнцыярная сыстэма ў Беларусі больш жорсткая, чым у Расеі, не праз заканадаўства, а праз чалавечы фактар. У Расеі было і застаецца разгільдзяйства ў розных сфэрах, яно ёсьць і ў турмах», — кажа Віталь.
Ён напісаў кнігу «Homo carcere. Человек в тюрьме». Пра расейскую турму на расейскай і ангельскай мове. Усе сродкі ад продажу кніг плянуе аддаць на патрэбы палітвязьняў.
Недастатковае валоданьне расейскай мовай
Патліс абскардзіў абвінаваўчы прысуд. Сярод аргумэнтаў зноў назваў кепскае валоданьне расейскай мовай, на якой ішла частка працэсу. Ён перакананы, што менавіта гэты пункт паўплываў. У апэляцыйным рашэньні напісана, што адбыліся парушэньні крымінальна-выканаўчага кодэксу, якія немагчыма выправіць у судзе першай інстанцыі.
«Дапусьціўшы да ўдзелу ў справе перакладчыка, суд фактычна прызнаў, што Патліс В.В. у недастатковай ступені валодае расейскай мовай, мае патрэбу ў паслугах перакладчыка, чым паставіў пад сумненьне ягоныя паказаньні, дадзеныя падчас папярэдняга сьледзтва ў справе і дапушчальнасьць атрыманых зь яго ўдзелам доказаў і вядзеньне працэсуальных дзеяньняў», — гаворыцца ў рашэньні.
«Судзьдзя пагадзіўся, што я не валодаю дастаткова расейскай мовай, бо запрасіў перакладчыка ў суд. Згодна з заканадаўствам Расеі, гэта павінны былі зрабіць і сьледчы, і пракурор, калі паказвалі мне ўсе дакумэнты», — тлумачыць Віталь.
Апэляцыйную скаргу разглядалі ў кастрычніку 2021 году. Абвінаваўчы прысуд вырашылі адмяніць, Патліса выпусьціць з-пад варты, а справу накіраваць на перагляд.
Судзьдзя не выпісала яму падпіску аб нявыезьдзе пасьля выхаду з-пад варты. Беларус скарыстаўся гэтай сытуацыяй і ў пачатку 2022 году легальна зьехаў у Эўропу. Справу празь нейкі час прыпынілі, а потым аднавілі, самаго Патліса абвесьцілі ў вышук. Пасьля паўторнага разгляду яму пагражае тэрмін да 10 гадоў калёніі.
Вучыць францускую, чакае кватэру, плянуе турыстычны бізнэс
Цяпер Віталь жыве ў францускім горадзе Бардо ў інтэрнаце для ўцекачоў, ён ня плаціць за жытло. Гэта невялікі пакой, дзе ёсьць два ложкі, паліцы, лядоўня, невялікая прыбіральня з душам. Беларус атрымлівае 650 эўра як дапамогу для беспрацоўнага. Кажа, што гэтых грошай можа хапіць на месяц, калі не плаціць за жытло і гатаваць ежу дома. Ён таксама жыве з ранейшых зьберажэньняў.
Беларус атрымаў статус уцекача, чакае дазволу на жыхарства ў Францыі. Вучыць францускую мову, якую ня ведаў да пераезду. Валянтэрыць у Чырвоным Крыжы. У летні сэзон 4 месяцы працаваў кіроўцам у турыстычным аўтобусе, праводзіў экскурсіі, вінныя туры.
Разам з бацькам пераехала і ягоная дачка, якую Віталь выхоўвае адзін з 14 гадоў. Калі на яго завялі крымінальную справу, дзяўчыне было 15. Цяпер яна паступіла ў францускі ўнівэрсытэт, атрымлівае стыпэндыю, жыве асобна ў студэнцкім інтэрнаце, працуе ў рэстарацыі.
Гарадзенец прызнаецца, што ў 48 гадоў складана пачынаць жыцьцё з нуля. Ён чакае, калі ўлады Францыі дадуць ім з дачкой кватэру як уцекачам. Плянуе пачаць свой бізнэс у турыстычнай сфэры.