Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 верасьня: Прадпрымальніка затрымалі па вяртаньні з-за мяжы; менчуку прысудзілі 5 гадоў калёніі за данат у 20 даляраў


Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

На польска-беларускай мяжы ў Берасьці 18 верасьня затрымалі Алега Падліпскага, які вяртаўся з-за мяжы дадому. Да сёньня на сувязь ён не выходзіў, паведамляе «Вясна».

46-гадовага прадпрымальніка Алега Падліпскага затрымлівалі падчас акцыяў пратэсту ў Наваградку ў 2020 годзе. А 27 лютага 2022 году Падліпскага затрымалі ў Менску і арыштавалі на 15 дзён за акцыю супраць ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне.

Менчуку прысудзілі 5 гадоў калёніі за данат у 20 даляраў

Менскі гарадзкі суд асудзіў да 5 гадоў калёніі за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса 45-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Паўла Харытонава. Такі прысуд вынесла Жана Брысіна яшчэ 23 студзеня 2023 году, але пра вынік суда праваабаронцам стала вядома толькі цяпер.

Як распавёў «Вясьне» былы сукамэрнік Паўла, яго асудзілі за адзін данат у памеры 20 даляраў у нейкую ініцыятыву, якую ў далейшым прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ахвяраваньне на дапамогу, меркавана, пацярпелым ад рэпрэсій, Павал зрабіў яшчэ ў 2021 годзе, калі ініцыятава не была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем».

«Усе сукамэрнікі, у тым ліку палітзьняволены адвакат Аляксандар Данілевіч, казаў Паўлу, што яго абвінавачваньні разваляцца і ён пойдзе дадому. Таму што тая арганізацыя, у якую ён зрабіў данат, не была прызнаная „экстрэмісцкім фармаваньнем“ на момант пераліку», — узгадвае вязень СІЗА.

Паводле вязьня, пракурор наўпрост на судзе папрасіў перакваліфікаваць артыкул Паўла.

28 красавіка Вярхоўны суд пакінуў прысуд Паўла ў пяць гадоў калёніі ў сіле. Палітвязьня этапавалі ў калёнію.

Беларуса, які пажадаў адмінам тэлеграм-канала ГУБАЗіК «пайсьці гуляць далей», затрымалі праз 1,5 гадзіны

Беларуса затрымалі за паведамленьне, якое ён адправіў у чат-бот набліжанага да ГУБАЗіК тэлеграм-канала. Ягонае «пакаяльнае» відэа апублікавалі 21 верасьня, заўважыла «Зеркало».

Мужчына напісаў прапагандыстам: «Пайшлі вы гуляць далей. Жыве Беларусь». У ГУБАЗіК на гэта пакрыўдзіліся і даслалі групу затрыманьня.

«На працягу паўтары гадзіны мяне затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Я зразумеў, што я зрабіў няправільна», – прымусілі сказаць на камэру затрыманага.

Былога палітвязьня Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 дзён

Пра гэта паведамляюць крыніцы «Мэдыязоны».

Нагадаем, журналіста затрымалі 14 верасьня на мяжы, калі Сяргей Гардзіевіч вяртаўся з Польшчы ў Беларусь.

Паводле папярэдніх зьвестак, у былога журналіста сайту «Першы рэгіён» на мяжы вырашылі праверыць мабільны тэлефон, а пасьля яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Берасьці.

30-гадовую жанчыну, якую затрымалі пасьля вяртаньня з Польшчы, будуць судзіць паводле 8 крымінальных артыкулаў

Пракуратура Горадзенскай вобласьці накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачаньні 30-гадовай жыхаркі Ваўкавыску ва «ўчыненьні злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці». Паводле інфармацыі Grodno_grab, ідзецца пра палітзьняволеную Аляксандру Каско, якую затрымалі пасьля вяртаньня з Польшчы.
Жанчыне інкрымінавалі шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»);
  • ч. 3 арт.203-1 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да пэрсанальных зьвестак»);
  • чч.1, 2 арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»);
  • чч. 1, 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»);
  • ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзыдэнта»);
  • чч. 1, 2 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»);
  • арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»);
  • арт. 391 («Абраза судзьдзі»).

Палітвязьня Дзмітрыя Сушчыка асудзілі па новай крымінальнай справе

У судзе Ленінскага раёну Горадні з 10 жніўня па 1 верасьня разглядалі новую крымінальную справу супраць Дзьмітрыя Сушчыка. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі турмы), паведамляе «Вясна».

Судзьдзя Натальля Козел прызнала яго вінаватым і прызначыла ў дадатак да паўтара года зьняволеньня яшчэ адзін год і 15 дзён калёніі.

Пры гэтым Дзьмітрый павінен быў у жніўні выйсьці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў перазатрыманы па новай справе і зьмешчаны пад варту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG