Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рамесьніцтва, чаканьне прытулку, вывучэньне францускай. Чым займаюцца лідэры ліквідаваных апазыцыйных партый


Сяргей Калякін, Сяргей Чэрачэнь, Рыгор Кастусёў, Ігар Барысаў. Каляж
Сяргей Калякін, Сяргей Чэрачэнь, Рыгор Кастусёў, Ігар Барысаў. Каляж

Казлоў з АГП і Кастусёў з БНФ знаходзяцца за кратамі, Барысаў з БСДП выехаў за мяжу, а Калякін са «Справядлівага сьвету» і Чэрачань з «Грамады» ўсё яшчэ ў Беларусі.

Цягам лета-восені 2023 году Вярхоўны суд з падачы Міністэрства юстыцыі зьліквідаваў усе апазыцыйныя партыі ў Беларусі. Перарэгістрацыю прайшлі толькі чатыры партыі — «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Усе яны падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку.

Да прыкладу, у КНДР тры зарэгістраваныя партыі, у Кітаі — дзевяць, у Літве — 27, а ў Польшчы — больш за 100.

Зьліквідавалі ня толькі апазыцыйныя партыі, але і некаторыя праўладныя, якія фактычна спынілі дзейнасьць — Беларускую аграрную партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю, Беларускую патрыятычную партыю, Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды.

Свабода пацікавілася ў лідэраў зьліквідаваных партый, чым яны цяпер займаюцца.

АГП: «Ствараем структуры за мяжой»

Кіраўніка АГП, былога міліцыянта Мікалая Казлова асудзілі на 2,5 года калёніі паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Гэта ўжо ня першы прысуд для Казлова — раней ён быў асуджаны на 3 месяцы арышту за апублічваньне дадзеных сьледзтва ў справе Каардынацыйнай рады. На сёньня Казлоў адбывае пакараньне ў калёніі Магілёва.

Выконвае абавязкі старшыні АГП зараз 72-гадовы Ўладзімер Шанцаў. На сёньня спадар Шанцаў жыве ў Літве, чакае рашэньня аб выдачы статусу ўцекача.

«Ствараем структуры ў розных краінах — Польшчы, Літве, Украіне. Магчыма, будуць і ў іншых краінах. Пакуль меў магчымасьць выяжджаць зь Літвы, то сам удзельнічаў у такіх сустрэчах. У Вільні ўдзельнічаю ва ўсіх акцыях, стараюся прыходзіць зь сьцягам АГП, каб бачылі, што партыя жыве. Ня іхная справа партыю ліквідоўваць, бо не яны яе засноўвалі», — кажа Шанцаў пра дзеяньні ўладаў.

Што тычыцца дзейнасьці ў Беларусі, то кіраўнік АГП адказвае. «Нікому ўголас не гаворым, што там робім».

Уладзімер Шанцаў расказвае, што жыве за кошт ранейшых зьберажэньняў. Пакуль ня можа знайсьці працы ў Літве і ягоная жонка, якая ў Беларусі працавала лекарам.

БНФ: «Не спыняем ідэалягічнай працы»

Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў таксама знаходзіцца ў зьняволеньні. Ён быў асуджаны на 10 гадоў паводле артыкулу «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». Лідэр БНФ праходзіў у адной крымінальнай справе разам зь літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам і юрыстам, грамадзянінам ЗША Юрасём Зянковічам.

У калёніі ў Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем, у яго дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне. Пакараньне ён адбывае ў Івацэвічах.

Выканаўцам абавязкаў кіраўніка Партыі БНФ на сёньняшні дзень зьяўляецца Вадзім Саранчукоў з Горадні. Ён жыве ў Вільні.

«Ліквідацыя ня значыць, што мы спынілі дзейнасьць, — кажа Саранчукоў у камэнтары Свабодзе. — Мы займаемся грамадзянскай і палітычнай адукацыяй — гэта і ідэалягічная работа, і арганізацыйная, і ўменьне будаваць структуры. Працягваем таксама займацца міжнароднай палітыкай».

Вадзім Саранчукоў кажа, што ў Літве ён рамесьнік, гэта прыносіць яму сродкі для жыцьця.

БСДП: Лідэр у Бэльгіі

Як даведалася Свабода, кіраўнік БСДП Ігар Барысаў цяпер жыве ў ваколіцах бэльгійскага Льежу. На гэты момант ён чакае рашэньня аб наданьні яму і сям’і статусу ўцекачоў.

Выбар Бэльгіі тлумачыцца тым, што Барысаў у дзяцінстве часта езьдзіў у гэтую краіну ў рамках праграмы «Дзецям Чарнобылю». У 2022 годзе кіраўнік сацыял-дэмакратаў спачатку выехаў у Грузію, а адтуль ужо перабраўся ў Бэльгію.

«Вучыць францускую мову. На жыцьцё зарабляе мэдыяпраектамі, а таксама бярэцца за любыя падпрацоўкі — ад набору тэксту да фарбаваньня столі», — расказала Свабодзе абазнаная крыніца.

Калякін, Чэрачань, Кучук у Беларусі

Лідэры некаторых апазыцыйных партый працягваюць знаходзіцца ў Беларусі. Кіраўнік «Справядлівага сьвету» Сяргей Калякін называў перарэгістрацыю партый «вялікім глупствам». Калякін жыве ў Менску.

Таксама ў Беларусі знаходзіцца кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук. Як патлумачылі Свабодзе людзі з атачэньня БСДП, «левыя» разглядаюць імавернасьць стварэньня аргкамітэту новай партыі, але ёсьць шмат сумневаў.

«Калі мы будзем падаваць сьпісы сяброў аргкамітэту, то тады ўзьнікае пытаньне, чаму мы не падавалі сьпіс сяброў партыі пры перарэгістрацыі. І дзейнасьць у рамках аргкамітэту магчымая толькі ў рамках рэгістрацыі», — расказала крыніца.

Наколькі вядома Свабодзе, Сяргей Чэрачань больш не ўспрымаецца іншымі партыйцамі як апазыцыйны палітык. Ён не прысутнічае на агульных нарадах у Zoom, дзе ўдзельнічаюць іншыя лідэры партый.

Партыя Чэрачня «Грамада», якую раней узначальваў Станіслаў Шушкевіч, таксама была зьліквідаваная Вярхоўным судом. Пры гэтым сам былы кандыдат у прэзыдэнты сказаў, што будзе ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах (пройдуць у пачатку 2024 году) праз збор подпісаў.

Сяргей Чэрачань жыве ў Беларусі. Ён крытыкуе санкцыі супраць беларускіх уладаў. У адным зь нядаўніх інтэрвію казаў, што без Аляксандра Лукашэнкі Беларусь рызыкуе быць уцягнутай у вялікія міжнародныя «разборкі».

«На мой погляд, людзі на сёньня не гатовыя рызыкаваць», — сказаў Чэрачань.

КХП-БНФ: Пазьняк шмат выступае і дае інтэрвію

Кіраўнік КХП-БНФ Зянон Пазьняк займаецца стварэньнем руху «Вольная Беларусь». Ён нярэдка мае публічныя выступы ў Польшчы, Літве. Наведваў Украіну, у тым ліку прыфрантавы Бахмут. Пазьняк нават меўся стварыць хаўрус з палком Каліноўскага, але ідэя «Рады бясьпекі» скончылася нічым.

Другі кіраўнік партыі, Юрась Беленькі, цяпер вядзе канал на Youtube, дзе расказвае аб гістарычных і актуальных падзеях, а таксама інфармуе пра жыцьцё дыяспары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG