Новая пастанова Мінюста № 19 апублікаваная 1 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц пасьля апублікаваньня.
Згодна зь ёй, палітычныя партыі, іх саюзы або асацыяцыі павінны штогод да 31 сакавіка накіроўваць у Міністэрства юстыцыі інфармацыю пра сваю дзейнасьць, паступленьне і расходы грошай і іншай маёмасьці.
Справаздачнасьць палітычнай партыі, саюза (асацыяцыі) палітычных партый павінна ўключаць зьвесткі пра:
- працяг дзейнасьці з дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць наяўнасьць юрыдычнага адраса,
- сяброў выбарных органаў з указаньнем прозьвішча, імя, імя па бацьку, даты нараджэньня, грамадзянства, месца жыхарства, працы (вучобы), кантактнага тэлефона, пасады ў партыі і даты абраньня з дадаваньнем адпаведных пратаколаў,
- колькасьць сяброў палітычнай партыі, яе арганізацыйных структур, склад саюза (асацыяцыі) палітычных партый,
- мерапрыемствы, праведзеныя ў статутных мэтах за год, з указаньнем іх мэтаў, зьместу, удзельнікаў, у тым ліку журналістаў, блогераў, мадэратараў супольнасьцяў у сацсетках.
У інфармацыі аб паступленьні грошай мусяць быць зьвесткі пра:
- агульную суму і ўлік грошай і іншай маёмасьці, якія паступілі,
- уступныя і сяброўскія ўнёскі,
- паступленьні ад мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў статутных мэтах,
- даходы ад выкарыстаньня маёмасьці, выдавецкай дзейнасьці, распаўсюду друкаваных выданьняў і публікацый,
- ахвяраваньні і дарэньні,
- паступленьні, атрыманыя ў якасьці бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі,
- іншыя паступленьні.
Зьвесткі аб выдатках палітычнай партыі, саюза (асацыяцыі) палітычных партый павінны ўключаць:
- агульную суму і ўлік выдаткаў (грошай і іншай маёмасьці),
- колькасьць работнікаў, памеры аплаты іх працы,
- выдаткі на матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне,
- інфармацыю пра выкарыстаньне грошай і іншай маёмасьці (з указаньнем сум і мерапрыемстваў), якія паступілі з розных крыніц.
У лютым 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў». Дакумэнт прадугледжвае зьмену ўмоваў стварэньня і дзейнасьці партый.
Цяпер мінімальная колькасьць сяброў партыі павінна складаць ня менш за 5000 чалавек, да гэтага мінімальны парог складаў 1000 чалавек.
Партыям таксама неабходна мець свае арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласьцях і Менску, а таксама ня менш як у траціне раёнаў кожнай з абласьцей і ня менш як у траціне раёнаў Менску.
Праз 6 месяцаў пасьля ўваходжаньня закона ў сілу Міністэрства юстыцыі Беларусі пачне перарэгістрацыю партый. Дзейнасьць партый, якія не прайшлі перарэгістрацыю і не прынялі рашэньне аб ліквідацыі, будзе спынена па рашэньні Вярхоўнага суду.
У Беларусі на гэты момант зарэгістраваныя 15 палітычных партый. З прычыны масавых рэпрэсій яны ня могуць ажыцьцяўляць дзейнасьць, многія іх актывісты і лідэры ў эміграцыі або ў турмах.