Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І сорамна, і страшна. Гісторыя актыўнага ўдзельніка пратэстаў, які застаецца жыць у Беларусі


Страйк на «Гродна Азот». Горадня, 2020. Ілюстрацыйнае фота
Страйк на «Гродна Азот». Горадня, 2020. Ілюстрацыйнае фота

Страйковец буйнога заводу дапамагае маці, хворай на рак. У размове са Свабодай ён расказвае, як выглядае сёньня жыцьцё ўдзельніка пратэстаў 2020 году.

Максім* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) працаваў на адным з буйных беларускіх прадпрыемстваў сьлесарам. У жніўні 2020 году далучыўся да страйку. Кажа, што пасьля гэтага яго адразу звольнілі «паводле артыкулу».

Са словаў суразмоўцы, прыкладна палова зь ягоных блізкіх калегаў выходзілі на пратэставыя маршы і далучыліся да страйку ў 2020-м. Паводле ягоных назіраньняў, прынамсі 30% усіх работнікаў заводу пратэставалі, а затрымлівалі «кожнага другога».

«Людзей на выхадзе з заводу пачыналі „пакаваць“», — успамінае ён пра страйк.

Удзельнік пратэстаў кажа, што ўсіх ягоных калегаў-страйкоўцаў у выніку звольнілі. Большасьць зь іх потым адсядзелі ў СІЗА, атрымалі тэрміны. Затрыманьні адбываліся нават праз тры гады пасьля падзей. Максім тлумачыць, што праваабаронцы мала пра каго ведаюць, бо людзі баяцца гаварыць уголас пра перасьлед.

«Хлопцы, вядома, баяцца цяпер, і адпісваць, і нават сустракацца», — кажа ён пра настроі тых, каго затрымлівалі.

Страйк на «Беларускаліі», 2020
Страйк на «Беларускаліі», 2020

«У маці нават грошай не было, каб нейкіх арэхаў купіць»

Максім цягам трох гадоў ня мог знайсьці сабе добрую пастаянную працу. Кажа, нікуды не хацелі браць праз запіс у працоўнай кніжцы. Зарабляў на часовых падпрацоўках. Зусім нядаўна знайшоў працу ў офісе.

Паўтара года таму ягонай маці паставілі дыягназ — рак IV ступені. Мужчына дапамагае ёй грашыма. Многія працэдуры, аналізы каштуюць шмат.

«Вельмі вялікія грошы ў Беларусі ідуць, хаця і кажуць пра нейкія льготы на лячэньне, у бясплатных клініках гэта робяць платна. Любая МРТ, любая працэдура, зьвязаная з гэтым, каштуе парадку 300-400 рублёў. Бывае менш — 160-200 рублёў. Каб падняць гемаглябін, нейкіх арэхаў купіць, у маці нават грошай не было», — тлумачыць суразмоўца.

Максім кажа, што сабе на жыцьцё грошай амаль не заставалася, хаця трэба было ўтрымліваць і ўласную сям’ю. Апошнія месяцы яму не было чым плаціць за арэнду жытла. Прасіў уласьніка адтэрмінаваць аплату.

«Да апошняга часу грошай нават на праезд не было. Адзіная падтрымка — дзякуй Богу, бабуля яшчэ жывая. Бульбу магла перадаць, саленьні», — прызнаецца ён.

Страйк на «Нафтане»
Страйк на «Нафтане»

Збор на 550 эўра

Урэшце знаёмы Максіма параіў яму зьвярнуцца па дапамогу ў BySol. У 2020-2021 гадах ён дапамагаў страйкоўцу прадуктамі, калі ў таго не было працы, толькі рэдкія падпрацоўкі.

Збор адкрылі на 550 эўра, хаця, бывае, людзі заяўляюць і значна большыя сумы. Максім расказаў, што ён прасіў па магчымасьці аплаціць толькі месяц арэнды жытла.

«Мне б сумленьне не дазволіла прасіць больш. І так сорамна, каб людзі дапамагалі, хоць гэта не чужыя людзі, напэўна, усе свае», — кажа ён.

Зьвярнуцца па дапамогу ў арганізацыю, якую сілавікі Лукашэнкі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», Максіму было таксама вельмі страшна.

«Я дагэтуль кожны дзень баюся, што прыедзе бусік пад вокны і заявяцца людзі ў пагонах», — прызнаецца мужчына.

Ён кажа, што не прасіў дапамагчы фінансава сваіх былых калегаў-страйкоўцаў, бо цяпер і такія перапіскі страшна весьці. Сустракацца з асуджанымі за палітыку, на ягоную думку, цяпер небясьпечна.

Паводле назіраньняў суразмоўцы, цяпер у публічнай прасторы ён ня бачыць пратэставай актыўнасьці. Пра акцыі пратэсту, якія дагэтуль здараюцца, ён даведваецца зь незалежных тэлеграм-каналаў. У сваім атачэньні ад асобных людзей чуе, што людзі хацелі б памяняць уладу ў краіне. Аднак, прыкладам, на сваёй новай працы баіцца шчыра размаўляць на тэму палітыкі.

Максім кажа, што цяпер на ягоным ранейшым месцы працы заробкі ў калег вырасьлі, але і колькасьць працы павялічылася. Пэўна, таму, што работнікаў цяпер працуе менш, чым у 2020-м. Па словах суразмоўцы, там, як і на іншых заводах, зьявіўся новы супрацоўнік «кшталту кадэбэшніка», які правярае работнікаў на ляяльнасьць.

Вярнуцца цяпер на сваё ранейшае прадпрыемства Максім бы не хацеў, хаця яшчэ год таму «быў бы шчасьлівы ад такой магчымасьці». Ён ня мае прагнозаў, што будзе адбывацца ў Беларусі ў найбліжэйшы час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG