Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Wargaming запусьціла дабрачынны праект дапамогі Ўкраіне. Яе пераемніца ў Беларусі і РФ адхрысьцілася ад ініцыятывы


Кампанія Wargaming запусьціла двухтыднёвы дабрачынны праект для падтрымкі Ўкраіны ў вайне, піша партал «Зеркало» са спасылкай на сайт праекту World of Tanks. Грошы адправяць на мэты мэдычнай дапамогі.

«Сотні нашых супрацоўнікаў робяць ахвяраваньні з уласнай ініцыятывы. Так, унутры кампаніі ўдалося сабраць 200 тысяч эўра на закупку машын хуткай дапамогі для ўкраінскіх мэдыкаў. А зараз вы можаце падтрымаць тых, каго закранула вайна, разам з намі. Для гэтага мы запускаем WargamingUnited — наш найбуйнейшы дабрачынны праект», — паведамілі ў кампаніі.

Сутнасьць праекту ў тым, што з 18 кастрычніка да 1 лістапада карыстальнікі змогуць купіць адмысловыя гульнявыя наборы, прысьвечаныя Ўкраіне, а атрыманыя грошы накіруюць украінскай плятформе на мэты мэдыцынскай дапамогі.

У паведамленьні адзначаецца, што гэтая тэма для кампаніі «асабліва адчувальная, бо ў Кіеве ў нас ёсьць цэлая студыя, і яе супрацоўнікі працягваюць працаваць над новаўвядзеньнямі і падзеямі для World of Tanks, нягледзячы на ўвесь жах, які штодня перажывае іх краіна».

Расейская студыя Lesta Games, якая выкупіла ў Wargaming бізнэс у Беларусі і Расеі, заявіла, што ня мае дачыненьня да ініцыятывы Wargaming па падтрымцы Ўкраіны. Там падкрэсьлілі, што з 2022 году апэруюць праектамі «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz у абедзьвюх краінах і ня маюць дачыненьня «да іншых гульняў і праектаў падобнай тэматыкі».

«Нашы праекты па-за палітыкай», — заявілі ў прэс-службе кампаніі.

У Lesta Games папрасілі гульцоў «быць уважлівымі пры зьдзяйсьненьні плацяжоў і пакупак анлайн, каб не парушаць заканадаўства Расейскай Фэдэрацыі або Рэспублікі Беларусь».

Wargaming ужо паўтара года ахвяруе ў падтрымку грамадзян Украіны. Кампанія накіравала мільён даляраў на мэдычную дапамогу і абсталяваньне ў першы тыдзень вайны, перадала 100 тысяч даляраў для аказаньня дапамогі пацярпелым ад разбурэньня плаціны Кахоўскай ГЭС.

  • Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы.
  • Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў вялікай колькасьці краін і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.
  • У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцый пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэлякацыі супрацоўнікаў беларускага офіса ў іншыя краіны.
  • Вясной 2022 году Wargaming прадаў бізнэс у Расеі і Беларусі сваёй былой расейскай «дачцы» — санкт-пецярбурскай студыі Lesta Games. Яна атрымала права выпускаць гульні Wargaming у абодвух краінах і правяла рэбрэндынг лінейкі гульняў «World of Tanks», «World of Warships» і «World of Tanks Blitz». Цяпер на беларускім і расейскім рынках яны называюцца адпаведна «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG