«Тэракт» у Мачулішчах
Паводле сюжэту філма АНТ, украінец Мікалай Ш. з псэўданімам «Гаспар», затрыманы за дывэрсію ў Мачулішчах, быў знаёмы з прадстаўніком СБУ і быў навучаны кіраваць дронамі. Спачатку яго хацелі паслаць у Расею, аднак за паўмесяца да дывэрсіі сказалі, што ехаць трэба будзе на аэрадром у Мачулішчах.
З Кіева мужчына выяжджаў на цягніку ў Варшаву, а пасьля паехаў у Лодзь да Віктара Я. Той, па вэрсіі прапаганды, пазьней перадаваў дроны. У пачатку лютага Ш. атрымаў дроны, адзін Якуцік перадаў празь «Яндэкс. Дастаўку», другі праз свайго знаёмага — Дзяніса С. Той, як сьцьвярджаюць у сюжэце, раней уладкаваў Ш. на працу ў сваю праектную кампанію ў Менску архітэктарам-тэхнікам на палову стаўкі.
Таксама затрымалі ўладальніцу кватэры, якую зьнялі для Мікалая Ш., і Андрэя С., які дапамог зьняць жытло. Іх прапаганда абвінавачвае ў зьдзяйсьненьні акту тэрарызму.
У сюжэце прагучала яшчэ адно новае імя затрыманага — Дзьмітры М. IT-спэцыяліст, жыхар Сеніцы. Паводле АНТ, ён прапанаваў «Беларускаму Гаюну» інфармацыю пра аэрадром. Дзьмітры нібыта наладзіў трансьляцыю з кампутара, якая два тыдні ішла безь перапынку. Яго цяпер вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».
У акце тэрарызму абвінавачваюць таксама друкара Алега С., гаспадара катэджа ў вёсцы Чарцяж. Яму нібыта напісаў Сяргей Л., муж псыхатэрапэўткі Яўгеніі Т., з просьбай пасяліць у сябе чалавека. Каго — не ўдакладняў.
«Падрыхтоўка тэрактаў» у Горадні
У датычнасьці да «сеткі СБУ» прапагандысты абвінавацілі таксама расейца Андрэя К. Ён нібыта здымаў на фота аб’екты ў Горадні: камісарыят Горадні і Горадзенскага раёну, вайсковую частку № 41780, нафтабазы раёнаў Аульс і Дзевятоўкі, генэральнае консульства Расеі. Цяпер расеец у СІЗА, яго абвінавачваюць па ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму).
Другі фігурант — беларус Вадзім П. На кадрах допыту ён кажа, што яму нібыта паставілі задачу падарваць нафтабазу з дапамогай дрона і выбухоўкі.
Затрымалі больш за 20 чалавек. Згодна з заявай намесьніка начальніка сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанціна Бычака, усім фігурантам крымінальнай справы інкрымінуюць ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму арганізаванай групай) і арт. 356 (здрада дзяржаве). Але адсюль няясна, ці гэта адносіцца да ўсіх затрыманых як у справе ў Мачулішчах, так і ў Горадні, ці не.