Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля скандалу «Беларускі моладзевы хаб» у Варшаве адкрыўся ў новым будынку. ФОТА


Новы будынак «Беларускага моладзевага хабу»
Новы будынак «Беларускага моладзевага хабу»

«Беларускі моладзевы хаб» адзначыў навасельле і ўжо абжывае новыя плошчы. У новае памяшканьне БМХ вяртаюцца творчыя ініцыятывы, якія працавалі раней на пляцы Канстытуцыі.

Больш за два гады «Беларускі моладзевы хаб» месьціўся ў цэнтры Варшавы на пляцы Канстытуцыі, 6. Памяшканьне беларусам былі далі гарадзкія ўлады на конкурснай аснове за сымбалічную арэндную плату. Там адбывалася багата імпрэзаў, сэмінараў, канфэрэнцый. БМХ прадастаўляў сваю пляцоўку палітыкам Сьвятлане Ціханоўскай, Зянону Пазьняку, беларускім пісьменьнікам, мастакам, музыкам — штомесяц тут праводзілася да 80 падзей. Працавалі дзіцячыя гурткі, творчыя студыі — усяго каля 20 ініцыятываў. Звонку на фасадзе будынку віселі партрэты беларускіх палітзьняволеных і плякат з колькасьцю вязьняў беларускага рэжыму.

Летам колішні заснавальнік «Белага легіёну», 56-гадовы Сяргей Бульба абвесьціў, што ён стаў новым кіраўніком арганізацыі, і памяняў замкі ў памяшканьні. Партрэты беларускіх палітвязьняў тады прыбралі з фасаду.

Дырэктар БМХ Аляксандар Лапко назваў гэта «рэйдэрскім захопам».

Паўтара месяца памяшканьне на плошчы Канстытуцыі пуставала, а 1 верасьня Сяргей Бульба адкрыў там сваю прастору «Робім разам». Паралельна ідуць праверкі.

«Калі гаспадары даведаліся, для якіх мэтаў мы здымаем памяшканьне, прапанавалі нам зьніжку»

У жніўні і верасьні «Беларускі моладзевы хаб» часова працаваў у партнэрскіх лякацыях — Free Belarus Center і Scena Chmielna. І паралельна шукаў новае прыдатнае памяшканьне. На пошукі пайшло каля двух месяцаў. Спыніліся на катэджы, які знаходзіцца ў Варшаве на вуліцы Дажынковай, 6А — ад станцыі мэтро «Рацлавіцка» 6 хвілін хады.

У новым будынку «Беларускага моладзевага хабу»
У новым будынку «Беларускага моладзевага хабу»

«Мы жартуем: вельмі сымбалічна, што „Беларускі моладзевы хаб“ разьмясьціўся на Дажынковай вуліцы. З 1992 года ў гэтым катэджы жыла польская сям’я. Калі гаспадары даведаліся, для якіх мэтаў мы здымаем памяшканьне, прапанавалі нам зьніжку.

У двары ў сям’і быў офіс фірмы, таму мы маем побач даволі вялікую залю для імпрэзаў, куды можа ўмясьціцца 60-70 чалавек. Ёсьць утульны ўнутраны дворык, на кожным паверсе некалькі адкрытых тэрасаў. Ну і шмат лякацый на чатырох паверхах», — гасьцінна паказвае прасторны новы дом дырэктар «Беларускага моладзевага хабу» Аляксандар Лапко.

Аляксандар Лапко
Аляксандар Лапко

Такім чынам, на нулявым паверсе разьмешчана прасторная заля. У панядзелак, калі туды завітала Свабода, музыка Сяргей Доўгушаў праводзіў заняткі па мужчынскіх традыцыйных сьпевах. У першы дзень прышло восем маладых хлопцаў. На занятках Сяргей вучыў іх правільна дыхаць. Мяркуецца, што заняткі па традыцыйных жаночых сьпевах будзе весьці беларуская сьпявачка, лідэрка фольк-гурту Šuma Руся.

«Працуем ня толькі для моладзі, а для розных узроставых катэгорый»

Па аўторках а 16-й гадзіне праводзяцца сямейныя чытанкі з польскімі філёлягамі.

«У нейкай ступені гэта своеасаблівыя курсы польскай мовы. Польскія філёлягі чытаюць кнігі на польскай мове, правільна прамаўляюць словы, фразы, беларусы за імі паўтараюць і паступова авалодваюць мовай.

А 18-й па аўторках зьбіраюцца каманды „Што? Дзе? Калі?“, ахвотных інтэлектуалаў прыходзіць вельмі шмат. І так кожны дзень ужо расьпісаны: па серадах пішам лісты палітвязьням, па чацьвяргах і нядзелях зьбіраецца моладзевая суполка. У пятніцу ладзім інтэграцыйную сустрэчы з тымі, каму за 50. Такім чынам, працуем для розных узроставых катэгорый», — расказвае пра расклад БМХ дырэктар Аляксандар Лапко.

На нулявым паверсе будзе кнігарня, крама зь беларускімі сувэнірамі і адзеньнем.

На першым паверсе ўжо працуе каворкінг. Гаспадары абяцаюць яго крыху пераплянаваць, зрабіць перагародкі, каб кожны меў асобную працоўную зону. Каворкінг адкрыты па буднях з 10-й да 18-й.

Побач з каворкінгам ёсьць утульная кухня, якую дапоўнілі невялікім круглым сталом.

На другім паверсе — перамоўныя пакоі.

«На трэцім паверсе ўжо аднавілі працу дзіцячая музычная школа, тэатральная студыя. Вельмі важна скласьці зручны для дзяцей і іх бацькоў расклад. Так што паціху наша праца аднаўляецца. Прыходзяць людзі і з новымі цікавымі ідэямі», — кажа дырэктар «Беларускага моладзевага хабу» Аляксандар Лапко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG