Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зьменяцца стасункі паміж Менскам і Варшавай пасьля польскіх выбараў. Аналіз палітоляга Астапені


Галасуюць лідэр партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Канчыньскі (зьлева) і лідэр апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Дональд Туск. Варшава. 15 кастрычніка 2023. Каляж
Галасуюць лідэр партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Канчыньскі (зьлева) і лідэр апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Дональд Туск. Варшава. 15 кастрычніка 2023. Каляж

Ці могуць вынікі выбараў у Польшчы кардынальна адрозьнівацца ад вынікаў экзіт-полаў? Калі да ўлады ў Польшчы прыйдзе сёньняшняя апазыцыя, як могуць зьмяніцца адносіны паміж Польшчай і Беларусьсю? Ці варта чакаць нейкіх жэстаў добрай волі з боку афіцыйнага Менску ў адрас імаверных новых уладаў Польшчы, кшталту вызваленьня Пачобута?

На гэтыя пытаньні адказвае доктар палітычных навук, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» брытанскага дасьледчага цэнтру Chatham House Рыгор Астапеня.

— Вынікі экзіт-полаў паказваюць на магчымасьць прыходу да ўлады апазыцыі: «Грамадзянская плятформа», «Трэці шлях» і «Новая лявіца», пэўна, здольныя будуць сфармаваць урад, які будзе мець большасьць у Сойме. Але канчатковыя вынікі выбараў могуць істотна адрозьнівацца ад вынікаў экзіт-полаў. А ці могуць адрозьнівацца кардынальна? Наколькі высокая імавернасьць, што «Права і справядлівасьць» трэці раз запар сфармуе ўрад?

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

— У польскім грамадзтве ёсьць пачуцьцё, што вынікі выбараў ня будуць істотна адрозьнівацца ад вынікаў экзіт-полаў. Прадстаўнікі ПіС таксама давяраюць экзіт-полам. Яны ўжо кажуць, што іх перавага на выбарах, хутчэй за ўсё, не прывядзе да таго, што яны здолеюць сфармаваць урад.

— Калі да ўлады ў Польшчы ўсё ж прыйдзе апазыцыя, то як гэта можа адбіцца на адносінах паміж Польшчай і Беларусьсю? Аляксандар Лукашэнка намякаў на тое, што спадзяецца на зьмены ў гэтых адносінах у выпадку палітычных зьменаў у Варшаве. Зьмены, мяркуючы па ўсім, адбудуцца.

— Складана ўявіць сабе круты разварот у польскай палітыцы адносна Лукашэнкі. Бо і цяперашні польскі ўрад спрабаваў знайсьці паразуменьне з рэжымам у Беларусі. Але гэтыя спробы былі бясплённымі, і гэта было зьвязана менавіта зь дзеяньнямі рэжыму, а не з польскім бокам. Мне цяжка сабе ўявіць, што польскі бок мог бы зрабіць, каб пераканаць Лукашэнку істотна зьмяніць ягоную палітыку. Гэта асабліва складана сабе ўявіць з улікам таго, што ўлада ў Польшчы будзе падзеленая ў выпадку, калі ўрад будзе фармаваць апазыцыя. Бо прэзыдэнтам застанецца Анджэй Дуда, які паходзіць з партыі «Права і справядлівасьць».

Лідэр партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Канчыньскі (у цэнтры) на мітынгу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Варшава, 15 кастрычніка 2023
Лідэр партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Канчыньскі (у цэнтры) на мітынгу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Варшава, 15 кастрычніка 2023

З другога боку, складана ўявіць сябе больш жорсткую палітыку Варшавы адносна афіцыйнага Менску. Магчымасьцяў гэта зрабіць амаль не засталося. Часам падымалася тэма абмежаваньня грузавога транзыту зь Беларусі праз Польшчу. Але Польшча гэтага не магла і ня можа зрабіць з тае прычыны, што ў яе добрыя стасункі з Кітаем, зь якога ладная частка гэтага транзыту ідзе.

— Па ідэі, рашэньне аб спыненьні грузавога транзыту зь Беларусі трэба ўзгадняць з Эўразьвязам, Брусэлем, бо гэты транзыт ідзе далей, у іншыя краіны ЭЗ. І спыненьне яго закранае іх інтарэсы. «ПіС» мог сказаць, што яму Брусэль ня ўказ. Цяперашняй апазыцыі ў Польшчы, калі яна стане ўрадам, Брусэль будзе ўказам прынамсі ў большай ступені, чым «ПіСу».

— Так, гэта таксама фактар. Новы ўрад цяперашняй апазыцыі не захоча канфліктаваць ані з Брусэлем, ані з Пэкінам у гэтым пытаньні. Пры гэтым невядома, якую карысьць прынясе спыненьне грузавога транзыту зь Беларусі ў сэнсе зьмены палітыкі Лукашэнкі.

Лідэр апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Дональд Туск на мітынгу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Варшава, 15 кастрычніка 2023
Лідэр апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Дональд Туск на мітынгу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Варшава, 15 кастрычніка 2023

— Ці можна чакаць нейкага жэсту добрай волі з другога боку — зь беларускага? У апошнія гады палітыка беларускіх уладаў была падкрэсьлена антыпольскай. Гэта праяўлялася шмат у чым — ад абвяшчэньня 17 верасьня Днём народнага адзінства да разбурэньня могілак жаўнераў АК. Ці можа зараз Менск у гэтых пытаньнях зрабіць прынамсі крок назад, прадэманстраваць жэст у адрас новай польскай улады, у адрас людзей, якія апошнія 8 гадоў польскай палітыкі не вызначалі?

— Тэарэтычна гэта магчыма. Тут ёсьць пэўная сымэтрыя. Рэжым Лукашэнкі таксама мае няшмат крокаў, якія ён можа зрабіць супраць Польшчы. Магчыма, такіх новых крокаў сапраўды рабіцца ня будзе. Што тычыцца новых людзей, то большасьць палітыкаў, якія цяпер, хутчэй за ўсё, будуць вызначаць польскую замежную палітыку, знаёмыя Лукашэнку. Гэта, напрыклад, той жа Радаслаў Сікорскі.

— У 1980 годзе іранскі рэжым вызваліў амэрыканскіх закладнікаў-дыпляматаў пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Рональда Рэйгана. Ці можа цяпер Менск вызваліць Анджэя Пачобута?

— Чаму б і не? Але Лукашэнку для гэтага трэба зразумець, хто цяпер будзе ў Варшаве вызначаць замежную палітыку, з кім яму трэба дамаўляцца — з урадам ці з прэзыдэнтам. Але, здаецца, што для вызваленьня Пачобута Лукашэнка захоча пэрсанальнага кантакту на найвышэйшым узроўні — з прэм’ерам ці прэзыдэнтам. Невядома, ці захоча гэтага нехта зь іх.

— Ці вырашыцца міграцыйны крызіс пры новай польскай уладзе? Варта адзначыць, што, паводле вынікаў тых жа экзіт-полаў, праваліўся рэфэрэндум, які кіроўная партыя «ПіС» сумясьціла з парлямэнцкімі выбарамі. У ім узялі ўдзел толькі 40% выбарнікаў. Сярод пытаньняў, якія на яго выносіліся, было пытаньне аб ліквідацыі агароджы на мяжы зь Беларусьсю. Рэфэрэндум не адбыўся. Дык што тады рабіць з той агароджай? Разбураць ці захоўваць?

— Рэфэрэндум быў прыдуманы ПіСам як элемэнт мабілізацыйнай кампаніі на выбарах. Наўрад ці правал рэфэрэндуму паўплывае на паводзіны польскіх памежнікаў адносна мігрантаў зь Беларусі. Але вынікі парлямэнцкіх выбараў на гэта могуць паўплываць. Палітыка ПіС адносна міграцыйнага патоку зь Беларусі выклікала крытыку ў некаторых краінах Эўразьвязу і ў Брусэлі. На думку многіх, эўрапейскія каштоўнасьці вымагаюць больш лібэральнага падыходу да мігрантаў.

Для партыяў, якія будуць фармаваць новы польскі ўрад, міграцыйная праблема будзе значным выклікам. Напрыклад, «Новая лявіца» — гэта сапраўды левая партыя, і яе падыходы да міграцыйнай праблемы іншыя, чым падыходы кансэрватыўнай ПіС.

Але ў Польшчы моцныя масавыя ўяўленьні, што нельга любому чалавеку, які прыяжджае на мяжу, даваць магчымасьць яе перасекчы. Я думаю, што новая ўлада ў Варшаве будзе імкнуцца больш уплываць на краіны Блізкага Ўсходу, каб яны самі стрымлівалі паток сваіх мігрантаў.

— А на Лукашэнку ня будуць спрабаваць больш уплываць, каб вырашыць гэтае пытаньне?

— Праблема ў тым, што няма што асабліва прапанаваць Лукашэнку. Акрамя самога па сабе кантакту на высокім узроўні, які б яго легітымізаваў.

— Урад ПіС прыняў некалькі гадоў таму амбіцыйную праграму мадэрнізацыі Польскага войска. У адказ на зьяўленьне ў Беларусі вялікай колькасьці вагнэраўцаў Польшча сканцэнтравала вялікую колькасьць — да 10 тысяч салдатаў — паблізу ад мяжы. Ці адбудуцца зьмены ў палітыцы доўгатэрміновага вайсковага будаўніцтва? І ў практычным пляне — ці застануцца гэтыя 10 тысяч вайскоўцаў на сваіх пазыцыях каля мяжы зь Беларусьсю?

— У стратэгічным пляне складана нешта зьмяніць. Пасьля пачатку расейскай поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны Расея і яе вайсковая саюзьніца і саўдзельніца Беларусь разглядаюцца як пагроза бясьпецы краінаў Захаду. І Лукашэнка ўжо трэці год выкарыстоўвае мігрантаў для атакаў межаў трох краінаў NATO. І гэта сурʼёзныя выклікі з боку афіцыйнага Менску. Таму пэўныя крокі ў кірунку дээскаляцыі Польшча рабіць можа, можа адвесьці частку войскаў ад мяжы. Аднак варта сказаць, што Польшча ня тое каб вельмі моцна эскалявала напружанасьць, каб цяпер яе дээскаляваць.

— Пры зьмене ўлады ў Варшаве ці зьменіцца палітыка адносна эмігрантаў-беларусаў? У цэлым падыходы цяперашняй апазыцыі, магчыма, будучай улады, у міграцыйным пытаньні больш лібэральныя, чым у кіроўнага ПіСа. На становішчы беларусаў-мігрантаў гэта адабʼецца?

— Калі параўноўваць цяперашнюю палітыку Польшчы адносна беларусаў-эмігрантаў з палітыкай іншых краінаў, то складана сабе ўявіць, чым польская палітыка магла б быць больш лібэральнай. Палітыка Польшчы палягала ў тым, каб не ствараць беларусам праблемы. Ім давалі доўгатэрміновыя карты побыту, зараз вырашылі ня ставіць штампы ў пашпарты на мяжы. Што яшчэ можа зрабіць Польшча? Хіба раздаваць беларусам польскія пашпарты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG