Мікалай Крукоўскі належыць да найбольш знаных беларускіх філёзафаў сучаснасьці, аднак доктар гісторыі Сяргей Абламейка перакананы, што асобу Крукоўскага трэба разглядаць у кантэксьце культурнага існаваньня беларускай нацыі.
«Мне даводзілася гутарыць зь Мікалаем Крукоўскім, бываць у яго дома, і кожны раз я знаходзіўся пад уражаньнем ад яго і як ад філёзафа, і як ад чалавека, — прыгадвае Сяргей Абламейка. — Колькі гадоў таму я выказаў думку, што гэта быў ня толькі выдатны беларускі філёзаф ХХ стагодзьдзя, але і ўвогуле найбуйнейшы зь ліку мысьляроў, якія калі-небудзь жылі на нашай зямлі. Цяпер я ўсё больш пераконваюся ў слушнасьці такога сьцьвярджэньня. Мікалай Крукоўскі — асоба, якая па сваім маштабе набліжаецца да Скарыны».
Мікалай Крукоўскі быў ня толькі навукоўцам, але і грамадзкім дзеячом. У свой час выходзіў на мітынгі з баявымі ўзнагародамі за ўдзел у Другой сусьветнай вайне, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сьцяг.
Пра гэты бок жыцьця Крукоўскага ўспамінае заснавальнік БНФ, былы старшыня парлямэнцкай апазыцыі ў Вярхоўным Савеце XII скліканьня Зянон Пазьняк.
«У 90-х гадах ён засьведчыў сябе прыхільнікам Беларускага Народнага Фронту, а пазьней уступіў у Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю — БНФ і нават уваходзіў у Сойм партыі, — прыгадвае Зянон Пазьняк. — У гэты час ён прыхіліўся да хрысьціянскіх поглядаў. Меў таксама сантымэнты да маёй паэзіі („Homo pulcher“, „Чалавек прыгожы“ ). Тут мы мелі зь ім агульную тэму. З аповедаў Крукоўскага я ведаў, што ў савецкую партызанскую брыгаду Канстанціна Заслонава ён трапіў сьведама, з патрыятычных меркаваньняў. Гэты ягоны беларускі патрыятызм, відаць, тлеў у ягонай душы і паспрыяў потым новаму дыханьню ў філязофскай творчасьці. Я лічу, што Мікалай Крукоўскі як філёзаф — высокага эўрапейскага ўзроўню. Толькі наша жудасная палітычная рэчаіснасьць хавае імёны знакамітых такіх беларусаў. Але час пераменіцца».
Мікалай Крукоўскі нарадзіўся 16 кастрычніка 1923 году ў вёсцы Машкова Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці, памёр 30 верасьня 2013 году ў Менску. Беларускі філёзаф, культуроляг. Доктар філязофскіх навук, кандыдат філялягічных навук, прафэсар.
Падчас Другой сусьветнай вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт. Ваяваў у партызанскай брыгадзе Канстанціна Заслонава. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, мэдалём «За адвагу», мэдалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені.
Пасьля вайны скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З 1963 году выкладаў у БДУ, з 1994 году — у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, адначасова з 1998 году ў Нацыянальным навукова-асьветніцкім цэнтры імя Францыска Скарыны.
Аўтар шматлікіх артыкулаў і навуковых прац аб праблемах філязофіі, тэарэтычнай эстэтыкі, культуралёгіі, станаўленьня нацыянальнай самасьвядомасьці, узаемаадносін культуры і сувэрэнітэту народу. Навуковыя інтарэсы Крукоўскага мелі шырокі абсяг, ахопліваючы сабою філязофію, лінгвістыку, эстэтыку і культуралёгію. На аснове гегелеўскай традыцыі ім створана і прапанавана арыгінальная эстэтычная канцэпцыя, якая ўключае ў сябе і структурна-функцыянальны падыход агульнай тэорыі сыстэм, трактаванай у цеснай сувязі з дыялектыкай Гегеля, а таксама канцэпцыя цыклічнага разьвіцьця культуры, што была прапанаваная ім яшчэ ў 1965 годзе незалежна ад Шпэнглера, Тойнбі і Сарокіна, тады малавядомых яшчэ ў савецкай навуцы. У тых жа працах, амаль на дваццаць гадоў абагнаўшы Гантынгтана, Крукоўскі ўзьняў найактуальнейшую праблему ўзаемадзеяньня розных культур.
Аўтар манаграфій: «Лёгіка прыгажосьці» (1965), «Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: Вопыт сыстэматызацыі» (1974), «Кібэрнэтыка і законы прыгажосьці» (1977), «Homo pulcher — Чалавек прыгожы» (1983), «Філязофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралёгію» (2000), «Бляск і трагедыя ідэалу» (2007) і іншых.