Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўніка са Сьледчага камітэту прызначылі намесьнікам дырэктара РНПЦ нэўрахірургіі і нэўралёгіі


Былога намесьніка начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Менску палкоўніка Віталя Бялкоўскага прызначылі намесьнікам дырэктара рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру нэўрахірургіі і нэўралёгіі «па бясьпецы, рэжыме і кадрах».

На новым месцы працы Віталь Бялкоўскі будзе курыраваць кадравую палітыку і, верагодна, вышукваць неляяльных да ўлады, як гэта робяць іншыя прызначаныя ў арганізацыі, установы і на прадпрыемствы сілавікі.

Зьмены ў кіраўніцтве РНПЦ заўважыў тэлеграм-канал «Белыя халаты». Асобу былога сьледчага пацьвердзілі і «Нашай Ніве».

Пры ўдзеле Бялкоўскага былі распачатыя ня менш як 72 крымінальныя палітычна матываваныя справы. У прыватнасьці, у калёнію адправіліся людзі, якія напісалі побач з месцам забойства Тарайкоўскага словы «Не забудзем».

Таксама, як піша «Наша Ніва», Бялкоўскі заяўляў, што пратэстоўцы нібыта нанесьлі вялікія страты Менску і «пашкодзілі маёмасьць».

Службу Бялкоўскі пачаў у 1996-м з пасады сьледчага ў Першамайскім РУУСе Менску. Пасьля стварэньня Сьледчага камітэту стаў начальнікам упраўленьня арганізацыі расьсьледаваньня злачынстваў і каардынацыі апэратыўна-службовай дзейнасьці УСК па Менску. Даслужыўся да намесьніка начальніка ўпраўленьня СК па Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG