Колькасьць ахвяраў моцнага землятрусу, які абрынуўся ў суботу на Афганістан, расьце, і, паводле новых афіцыйных зьвестак, апублікаваных урадам талібаў у нядзелю, больш за 2 тысячы чалавек загінулі і больш за 9 тысяч атрымалі раненьні.
Пасьля землятрусу магнітудай 6,3, які адбыўся ў суботу ў рэгіёне прыкладна ў 30 кілямэтрах на паўночны захад ад гораду Герат, за ім рушылі ўсьлед яшчэ восем моцных штуршкоў.
2053 чалавекі загінулі і 9240 атрымалі раненьні, паведаміла ў нядзелю міністэрства ў надзвычайных сытуацыях. Там дадалі, што разбураныя або пашкоджаныя 1329 дамоў.
Раней у нядзелю прэс-сакратар Чырвонага Крыжа Эрфанула Шарафзой паведаміў Reuters, што загінулі 500 чалавек.
Больш за 200 загінулых былі дастаўлены ў некалькі шпіталяў, паведаміў прадстаўнік міністэрства аховы здароўя, які прадставіўся доктарам Данішам і дадаў: «Большасьць з іх жанчыны і дзеці, 510 параненыя», інфармуе AFP.
Правінцыя Герат, якая налічвае каля 1,9 мільёна жыхароў, паводле дадзеных Сусьветнага банку, за апошнія гады пацярпела ад засухі, якая паралізавала шматлікія сельскагаспадарчыя абшчыны, якія і без таго адчуваюць цяжкасьці.
У сакавіку гэтага году землятрус 6,5 бала забраў жыцьці 13 чалавек у Афганістане і Пакістане, недалёка ад населенага пункту Джурм на паўночным усходзе краіны.
Афганістан знаходзіцца ў цяжкім гуманітарным крызісе пасьля вяртаньня да ўлады талібаў у 2021 годзе, улада якіх не прызнаецца міжнароднай супольнасьцю.