Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баку паведамілі, што міратворчы кантынгент згарнуў два назіральныя пункты ў Карабаху. У Расеі заявілі: місія працягваецца


Стэпанакерт. Архіўнае фота
Стэпанакерт. Архіўнае фота

Расейскі бок пераконвае, што працягвае «няспыннае ўзаемадзеяньне з Баку і Стэпанкертам (азэрбайджанскі назоў Ханкендзі), каб не дапусьціць кровапраліцьця, гарантаваць бясьпеку і выкананьне норм гуманітарнага права ў дачыненьні да мірнага насельніцтва».

Расейскі міратворчы кантынгент завяршыў згортваньне часовых назіральных пастоў уздоўж колішняй лініі разьмежаваньня бакоў у Аскеранскім і Шукшынскім раёнах Карабаха. Аб гэтым паведаміла дзяржаўнае азэрбайджанскае агенцтва АЗЕРТАДЖ са спасылкай на «інфармацыйны бюлетэнь Міністэрства абароны Расеі».

«У бюлетэні адзначаецца, што расейскія міратворцы працягваюць падлік узбраеньня, вайсковай тэхнікі, стралковай зброі і боепрыпасаў на складах узброеных фармаваньняў Карабаха», — адзначаецца ў паведамленьні.

Асобна зьвярнулі ўвагу на тое, што «ахову месцаў захаваньня ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў арганізавалі супольна расейска-азэрбайджанскія пасты».

У тэлеграм-канале Міністэрства абароны Расеі такое паведамленьне адсутнічае. Расейскі бок пераконвае, што міратворчы кантынгент працягвае выконваць задачы на тэрыторыі Нагорнага Карабаха.

«На назіральных пастах расейскія міратворцы вядуць кругласутачны маніторынг абстаноўкі, а таксама кантроль руху аўтамабільнага транспарту на дарогах агульнага карыстаньня. Парушэньняў рэжыму спыненьня агню ў зоне адказнасьці расейскага міратворчага кантынгенту не зафіксавалі», — паведаміла Міністэрства абароны Расеі.

Расейскі бок падкрэсьліў, што працягвае «няспыннае ўзаемадзеяньне з Баку і Стэпанкертам (азэрбайджанскі назоў Ханкендзі), каб не дапусьціць кровапраліцьця, гарантаваць бясьпеку і выкананьне норм гуманітарнага права ў дачыненьні да мірнага насельніцтва».

Раней місія ААН паведаміла, што з Нагорнага Карабаха, які Азэрбайджан абвясьціў сваёй тэрыторыяй, выехалі амаль усе жыхары армянскага паходжаньня.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG