Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалеўскі: «Мы не пачулі ад расейскіх дэмакратычных сілаў, што пасьля пераменаў Расея адмовіцца ад каляніяльнай палітыкі»


Намесьнік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінэта, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Валер Кавалеўскі. Архіўнае фота
Намесьнік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінэта, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Валер Кавалеўскі. Архіўнае фота

Аб’яднаны пераходны кабінэт ня мае кантактаў з расейскімі ўладамі і мае рэдкія кантакты з расейскай апазыцыяй.

Пра гэта паведаміў у інтэрвію BPN намесьнік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінэта, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

«Калі казаць пра рэжым Пуціна — няма адназначна. З расейскай апазыцыяй, якая знаходзіцца за мяжой, калі і ёсьць, то яны настолькі спарадычныя, што ня вартыя згадкі», — сказаў дыплямат.

Паводле яго, на сёньняшні дзень ад дэмакратычных сіл Расеі не прагучала «яснай, дакладнай пазыцыі аб тым, як будзе выглядаць замежная палітыка РФ у адносінах да краін-суседзяў пасьля дэмакратычных перамен».

«Мы не пачулі, што Расея будзе адмаўляцца ад сваёй каляніяльнай палітыкі, ад спроб трымаць пад кантролем суседнія краіны, нэгатыўна ўплываць на палітычныя, эканамічныя працэсы. Мы не пачулі, што яны будуць гатовыя цалкам спакойна ўспрымаць заявы любой з краін, няхай гэта будзе Беларусь або Малдова, Украіна, Армэнія, Азэрбайджан, аб намеры ўступіць у Эўрапейскі зьвяз, NATO і г.д.», — заявіў Кавалеўскі.


У гэтых умовах сказаў ён, немагчыма разьвіваць адносіны якім бы там ні было чынам.

«Мы ня хочам мяняць шыла на мыла, падтрымліваць сілу, якая прыйдзе і будзе праводзіць такую ж агрэсіўную, незаконную палітыку, як гэта зараз робіць Пуцін», — падкрэсьліў прадстаўнік кабінэта.

Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:

  • Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
  • Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
  • Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
  • Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
  • І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.

У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:

  • Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
  • Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
  • Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
  • Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
  • Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.

Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».

Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.

Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG