Сьвятлану Ціханоўскую 5 кастрычніка ў Гранадзе прывітаў гішпанскі прэм’ер Педра Санчэс і іншыя міжнародныя лідэры. У размове з Санчэсам яна падзякавала за запрашэньне на Саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, адзначыўшы, што гэта дапамагае ўтрымліваць Беларусь на міжнароднай парадку дня, паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.
Прэм’ер Гішпаніі ў сваю чаргу заявіў, што сытуацыя ў Беларусі зразумелая гішпанцам, таму што яны таксама прайшлі праз падобную дыктатуру шмат гадоў таму.
Ціханоўская падзякавала прэм’еру за працяг выдачы візаў беларусам (выдалі як мінімум 7000 візаў за апошні год), а таксама за падтрымку сямей палітвязьняў. Прэм’ер распавёў вынікі нарады міністраў замежных справаў па сытуацыі зь беларусамі ў выгнаньні, якія ў выніку новага дэкрэту могуць аказацца без дакумэнтаў і пашпартоў. Паводле Санчэса, будзе выпрацаванае рашэньне, якое дазволіць беларусам заставацца ў тых краінах, дзе яны цяпер знаходзяцца, не рызыкуючы трапіць пад дэпартацыю.
Падчас сустрэчы з новай прэм’еркай Латвіі Эвікай Сіліняй Сьвятлана Ціханоўская падзякавала латвійскаму ўраду і народу Латвіі за падтрымку Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што вельмі важна адрозьніваць беларусаў ад рэжыму і ад расейцаў і зьвярнула ўвагу на тое, што закон, які цяпер абмяркоўваецца ў Латвіі, аб абмежаваньнях на аўтамабілі зь беларускімі нумарамі, можа моцна ўскладніць жыцьцё беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Яна папрасіла спрыяць беларусам, якія пражываюць у Латвіі.
Падчас Саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Гранадзе, куды ўваходзяць 47 краінаў, Ціханоўская правяла ў тым ліку двухбаковыя сустрэчы з прэм’ерам Нарвэгіі Йонасам Гарам Сцёрэ і прэм’ерам Баўгарыі Нікалаем Дэнковым.
З Йонасам Гарам Сцёрэ палітык размаўляла пра падтрымку рэпрэсаваных, палітвязьняў, праграмы рэабілітацыі, пра падтрымку грамадзянскай супольнасьці і мэдыяў. Таксама абмеркавалі супольныя дзеяньні ў міжнародных арганізацыях.
З Нікалаем Дэнковым беларуская палітык ўзьняла тэму спробаў Расеі паглынуць Беларусь, ваенную сытуацыю ўнутры Беларусі, а таксама спробы рэжыма зьнішчыць беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць. Асобна палітыкі абмеркавалі палітыку санкцыяў у дачыненьні да рэжыму і яго памагатых.
Таксама падчас Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Армэніі Ніколам Пашыньянам і міністрам замежных справаў Араратам Мірзаянам. Ціханоўская выказала спачуваньні ў сувязі з сытуацыяй у Нагорным Карабаху, і перадала словы падтрымкі армянскаму народу ад імя беларусаў.
Падчас Саміту Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася і з прэм’ерам Чэхіі Пэтрам Фіялам. Ціханоўская адзначыла, што мэта дэмакратычных сілаў — пабудаваць гаўлаўскую Беларусь, і папрасіла падтрымаць эўрапейскія памкненьні беларусаў. Яна распавяла пра тое, што дэмакратычныя сілы зрабілі супольную заяву аб Эўрапейскім выбары Беларусі ў жніўні.
Ціханоўская падзякавала чэскаму боку за падтрымку ідэі адкрыць Офіс дэмакратычных сілаў у Празе, а таксама за падтрымку рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў і былых палітвязьняў. Офіс плянуецца адкрыць да канца году.
З Жузэпам Барэлем беларуская дэмакратычная лідэрка абмеркавала санкцыі і падтрымку грамадзянскай супольнасьці
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматы запрасіў Ціханоўскую выступіць перад міністрамі замежных справаў краінаў ЭЗ на тэму стратэгіі ЭЗ па Беларусі.