Падчас Саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці, які праходзіць у гішпанскай Гранадзе, Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам і міністрам замежных справаў гэтай краіны Араратам Мірзаянам.
Ціханоўская выказала спачуваньні ў сувязі з сытуацыяй ў Нагорным Карабаху, і перадала словы падтрымкі армянскаму народу ад імя беларусаў.
У выніку самароспуску непрызнанай Рэспублікі Арцах (Нагорны Карабах) і ўсталяваньня кантролю за ёй з боку Баку, гэтую тэрыторыю пакінула амаль усё насельніцтва. Місія ААН заявіла, што ў Карабаскім раёне могуць заставацца ад 50 да 1000 этнічных армян, пры тым што насельніцтва тэрыторыі складала звыш 100 тысяч чалавек.
- Карабах паводле міжнароднага права лічыцца часткай Азэрбайджану. Насельніцтва рэгіёну пераважна складалі армяне.
- З пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку тэрыторыі, там была абвешчаная Нагорна-Карабаская Рэспубліка, не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
- 19 верасьня Азэрбайджан у выніку аднадзённай ваеннай апэрацыі прымусіў урад непрызнанай дзяржавы капітуляваць. У Баку гэта назвалі аднаўленьнем сувэрэнітэту.
- Армянскае насельніцтва рэгіёну, баючыся перасьледу, масава пакінула свае дамы. Паводле ацэнкі ААН, у рэгіёне за некалькі тыдняў засталося ня больш за тысячу з 120 тысяч армян, якія пражывалі там.
- Азэрбайджанскія ўлады заклікалі жыхароў застацца ў рэгіёне і заявілі пра гатоўнасьць весьці перамовы аб рэінтэграцыі армянскага насельніцтва Карабаху.
Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху
Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.
Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.
У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.
Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.
1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.
Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».