Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры прысудзілі нарвэскаму пісьменьніку Юну Фосэ.
Швэдзская акадэмія заявіла, што ён быў узнагароджаны «за яго наватарскія пʼесы і прозу, якія даюць голас невыказнаму». Яго пісьмо вызначаецца больш формай, чым зьместам, дзе тое, што не сказана, часта больш паказальнае, чым тое, што ёсьць, піша AFP. Творы Фосэ мінімалістычныя, яны абапіраюцца на простую мову, якая даносіць свой пасыл праз рытм, мэлёдыю і цішыню.
Літаратурная кар’ера Фосэ пачалася ў 1983 годзе, калі ён апублікаваў раман «Чырвонае, чорнае», у 1994 годзе ўбачыла сьвет яго першая пʼеса «І мы ніколі не расстанемся». Фосэ выдаў некалькіх вершаваных зборнікаў і кніг для дзяцей.
Сярод яго асноўных твораў — «Naustet» (Прыстань), (1989), які быў добра прыняты крытыкай, і «Мэлянхолія» I і II (1995–1996).
Фосэ піша на адным з двух варыянтаў літаратурнай нарвэскай мовы Nynorsk, заснаваным на жывой дыялектнай мове.
64-гадовы Фосэ на працягу некалькіх гадоў шырока фігураваў у нобэлеўскіх сьпісах. Твор Юна Фосэ «Бессань» на беларускую пераклаў Ян Максімюк.
Летась француская пісьменьніца Ані Эрно атрымала прэмію за тое, што Швэдзкая акадэмія назвала «мужнасьцю і праніклівасьцю» кніг, якія ўзьніклі ў яе мястэчку ў рэгіёне Нармандыя на паўночным захадзе Францыі.
Нобэлеўская прэмія міру будзе абвешчаная ў пятніцу 6 верасьня, а прэмія ў эканоміцы — 9 кастрычніка.
Зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымалі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (літаратура) і зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі (прэмія міру).
Прэміі прадугледжваюць грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх крон (1 мільён даляраў ЗША), атрыманых са спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля, які памёр у 1896 годзе.
Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэстыжная прэмія міру ўручаецца ў Осла згодна зь ягоным жаданьнем, а другая цырымонія ўзнагароджаньня праходзіць у Стакгольме.