Нобэлеўская прэмія ў фізыцы прысуджаная тром навукоўцам, якія назіралі на электроны ў атамах на працягу самай маленькай долі сэкунды. Узнагароду атрымалі:
- П’ер Агастыні з Унівэрсітэту штату Агаё ў ЗША;
- Фэрэнц Краўс з Інстытуту квантавай оптыкі Макса Планка і Мюнхэнскага ўнівэрсытэту імя Людвіга Максыміліяна ў Нямеччыне;
- Ан Ль’Юілье з Унівэрсытэту Лунда ў Швэцыі.
У мінулым годзе таксама трое навукоўцаў разам атрымалі прэмію ў фізыцы за тое, што даказалі, што малыя часьціцы могуць захоўваць сувязь адна з адной, нават калі яны разьяднаныя. Раней гэтая зьява выклікала сумневы, але цяпер яна дасьледуецца для магчымага рэальнага прымяненьня, такіх як шыфраваньне інфармацыі.
Нобэлеўскі тыдзень працягнецца ўручэньнем прэміі ў хіміі ў сераду і прэміі ў літаратуры ў чацьвер.
Нобэлеўская прэмія міру будзе абвешчаная ў пятніцу, а прэмія ў эканоміцы — 9 кастрычніка.
Прэміі прадугледжваюць грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх крон (1 мільён даляраў ЗША), атрыманых са спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля, які памёр у 1896 годзе.
Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэстыжная прэмія міру ўручаецца ў Осла згодна зь ягоным жаданьнем, а другая цырымонія ўзнагароджаньня праходзіць у Стакгольме.
Зь беларусаў Нобэлеўскую прэмію раней атрымалі пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч (літаратура) і зьняволены праваабаронца Алесь Бяляцкі (прэмія міру).