Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пацярпелы падаў скаргу, прызначылі праверку.
Здарэньне адбылося ў ізалятары часовага ўтрыманьня Сьветлагорскага РАУС у жніўні. Чалавека, якога зьмясьцілі туды за адміністрацыйнае правапарушэньне, нібыта зьбіў супрацоўнік міліцыі.
Пасьля выхаду з ІЧУ пацярпелы зьвярнуўся ў мэдычную ўстанову, сьляды зьбіцьця зафіксавалі.
Раней праваабаронцы неаднойчы паведамлялі пра выпадкі зьбіцьця затрыманых сілавікамі.
Вядомыя і выпадкі сьмерці беларусаў пасьля канфліктаў зь міліцыяй, у тым ліку ў РАУС. Так, 27-гадовы жыхар Рэчыцы Дзьмітрый Усхопаў у навагоднюю ноч быў затрыманы міліцыяй, а празь дзьве гадзіны памёр у бальніцы. Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына памёр ад перадазаваньня алькаголю і наркотыкаў, але блізкія ня вераць у гэтую вэрсію і сьцьвярджаюць, што яго зьбілі ў міліцыі.
У 2019 годзе жыхар вёскі Слаўкава Нясьвіскага раёну, 48-гадовы Сяргей Абрамовіч, загінуў у міліцэйскім аўтамабілі. Паводле афіцыйнай вэрсіі — нібыта павесіўся на шнурках ад уласнага абутку пасьля затрыманьня, калі яго перавозілі ў РУУС Нясьвіжа. Родныя нябожчыка некалькі гадоў дамагаліся суду над міліцыянтамі, якія ў той вечар затрымлівалі Абрамовіча.
Пасьля пачатку масавых пратэстаў летам 2020 году ў Беларусі як мінімум тры затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў скончыліся іх сьмерцямі. Так загінулі жыхар Гомля Аляксандар Віхор, маладачанец Мікіта Крыўцоў і мянчук Раман Бандарэнка. Родным усіх іх адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Вінаватых да адказнасьці не прыцягнулі.