Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Расея не навязала беларусам назву, яе выбраў нацыянальны рух ХІХ стагодзьдзя, — Павел Церашковіч


Фотакаляж. Францішак Багушэвіч, Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля, Павел Церашковіч, вокладка кнігі "Беларускія народныя казкі" (Мн., 1990)
Фотакаляж. Францішак Багушэвіч, Адам Кіркор, Уладзіслаў Сыракомля, Павел Церашковіч, вокладка кнігі "Беларускія народныя казкі" (Мн., 1990)

Адкуль узялася Беларусь? Ці сапраўды гэта плён расейскай палітыкі і прапаганды, як сьцьвярджаюць некаторыя прыхільнікі «літвінства»? Як на беларускую гісторыю паўплывала паўстаньне 1863–1864 гадоў? Мы працягваем размову з гісторыкам, аўтарам кнігі «Этнічная гісторыя Беларусі ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў» Паўлам Церашковічам.

0:00 — ці праўда, што Беларусь і беларускі рух ХІХ стагодзьдзя — гэта прыдумка Расеі

1:06 — чаму беларускі рух ХІХ ст. і яго этапы дакладна адпавядаюць тэарэтычным падставам гістарычнай навукі

3:03 — у беларускім фальклёры ХІХ ст. ёсьць назвы для ўсіх суседзяў беларусаў, але няма іх саманазвы

4:01 — як на беларусаў паўплывала скасаваньне Уніі ў 1839 годзе і далучэньне да расейскай царквы

7:34 — ці былі вынікі паўстаньня 1863–1864 гадоў катастрофай для Беларусі і беларускага руху

10:55 — ці прывязваў беларускі нацыянальны рух Беларусь да Расеі сваёй назвай

13:00 — чаму беларускі нацыянальны рух у ХІХ ст. быў адносна слабы і як гэта зьвязана з прыгонам і канфэсіямі Беларусі

20:07 — у чым фэномэн беларускіх нацыяналістаў пачатку 1880-х гадоў — гоманаўцаў

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Паўлам Церашковічам:

— Мы ведаем, што беларускі рух нарадзіўся ў ХІХ стагодзьдзі. Адкуль ён узяўся, хто яго пачаў? Ці праўда, што, як сёньня цьвердзяць некаторыя беларускія «фольк-гісторыкі», гэта прыдумка Расеі, плён яе палітыкі і прапаганды?

— Канечне, гэта не прыдумка Расеі і яе прапаганды. Каб весьці размову пра беларускі нацыянальны рух, трэба пачаць з тэорыі. Такім вядомым тэарэтыкам зьяўляецца Міраслаў Грох, які кажа, што кожны нацыянальны рух праходзіць праз тры ступені разьвіцьця. Першая, ступень А — калі зьяўляюцца навукоўцы, аматары гісторыі, літаратуры, фальклёру, лінгвістыкі, якія пачынаюць вывучаць пэўную групу людзей, што размаўляе на блізкіх дыялектах.

І вось на ступені А практычна ніякіх лёзунгаў гэтая група не вылучае. І вельмі часта тыя, хто ўдзельнічае ў гэтым руху, нават ня бачаць пэрспэктывы, што ў будучыні будзе створаная такая нацыя ці нацыянальная дзяржава.

Потым, на ступені В, пачынаецца нацыянальная агітацыя. Міраслаў Грох вылучае тут ступень В1, калі агітацыя ідзе, але яна нікому не патрэбная, і актывісты руху ў роспачы. Але потым надыходзіць ступень В2, калі кола прыхільнікаў гэтай ідэі павялічваецца.

А далей ідзе ступень С, калі ўзьнікае масавы нацыянальны рух, і паказьнікам яго зьяўляецца ня толькі масавасьць, але і палітычная дыфэрэнцыяцыя — узьнікаюць палітычныя партыі кансэрватыўнага, лібэральнага, сацыялістычнага і іншых кірункаў.

Дык вось ступень А ў беларусаў пачынаецца на пачатку ХІХ стагодзьдзя, калі прафэсура Віленскага ўнівэрсытэту, найперш Міхал Баброўскі і Ігнат Даніловіч, пачынае задумвацца над паходжаньнем свайго народу.

Але тут яшчэ трэба падкрэсьліць, што гэтыя людзі павінны былі зрабіць. Справа ў тым, што ў ХІХ стагодзьдзі ў беларусаў існавалі добрыя ўяўленьні пра іншыя народы. Я спэцыяльна займаўся аналізам той часткі беларускага фальклёру, дзе гэтыя ўяўленьні зафіксаваныя. Беларусы адрозьнівалі сябе і ад расейцаў, якіх называлі маскалямі, і ад палякаў, для якіх была вялікая колькасьць назваў, і ад літоўцаў, і ад украінцаў, ад габрэяў, немцаў, татар, французаў. Але ва ўсім гэтым комплексе ўяўленьняў не было беларускага «я». Таму гэта галоўная праблема для кожнага нацыянальнага руху: сфармуляваць, хто такія «мы».

І вось гэтае фармуляваньне фактычна расьцягнулася на ўсё ХІХ стагодзьдзе.

— Калі думаеш пра ХІХ стагодзьдзе, то бачная адна падзея, якая вызначыла ўвесь далейшы гістарычны шлях беларусаў. Думаю нават, што мы і сёньня маем справу зь яе наступствамі. Гэта скасаваньне Ўніяцкай царквы ў 1839 годзе. Якое вашае меркаваньне, як на беларусаў паўплывала іх далучэньне да расейскай царквы?

— Абсалютна відавочна, што гэта была ідэалягічная кампанія. І гэта ня толькі скасаваньне Уніі. З гэтай кампаніяй былі зьвязаныя і іншыя крокі. Амаль адначасова быў забаронены Статут Вялікага Княства Літоўскага, і замест яго было ўведзенае расейскае заканадаўства. Калі гэта рабілі, то адкрыта казалі, што гэта робіцца для таго, каб зьнішчыць усялякую думку аб магчымасьці самастойнасьці гэтай тэрыторыі, якая б магла перашкаджаць зьліцьцю з Расеяй.

І амаль адначасова Мікалай І асабіста забараняе ўжываць назвы «Беларусь» і «Літва». У розных гісторыкаў ёсьць розныя погляды адносна гэтай падзеі, але трэба ўсё ж глядзець на тое, што ўсё гэта было зроблена адначасова.

Яшчэ адзін крок, хоць і малы, але таксама істотны. У 1840 годзе зьяўляецца дзіўная публікацыя. Яна называлася «Опыты в русской словесности учеников Белорусского учебного округа». То бок сабралі школьныя сачыненьні і выдалі вельмі шыкоўнай, багатай кніжкай. Сэнс гэтай публікацыі быў такі: глядзіце, як яны засвоілі расейскую мову. Пры гэтым у кнізе былі ня толькі сачыненьні, але і фальклёрныя вершыкі «Ох калы б, калы, маскалы б прышлі / Маскалы, маскалы нашы родныя, веры одныя». У кнізе было сказана, што вучні запісалі гэтыя вершы ў Слуцкім павеце. Але яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі беларускія фальклярысты даказалі, што гэта фальшыўка, падробка.

Таму ў скасаваньні Уніі быў моцны ідэалягічны складнік, які сапраўды вельмі моцна паўплываў на фармаваньне беларускай нацыі. Дзеці ўніяцкіх сьвятароў маглі стаць ня толькі сьвятарамі, але і настаўнікамі, пісьменьнікамі, журналістамі. Ці вось, як Баброўскі з Даніловічам, стаць інтэлектуаламі, прафэсарамі. Але гэтыя магчымасьці скасаваньнем Уніі былі вельмі і вельмі моцна абмежаваныя.

— Сярод гісторыкаў назіраецца вялікі спэктар думак пра паўстаньне 1863 году. Адны кажуць, што гэта была сапраўдная катастрофа для Беларусі, якая спыніла нацыянальны рух на дзесяцігодзьдзі. Іншыя мяркуюць, што рэпрэсіі пасьля паўстаньня вызвалілі Беларусь ад польскага элемэнту і расчысьцілі дарогу беларускаму руху. Трэція сьцьвярджаюць, што гэта быў адзін з нацыянальных уздымаў і нават пункт адліку нацыянальнай беларускай палітыкі. Што вы думаеце пра паўстаньне?

— Па-першае, пра тое, што параза паўстаньня спыніла нацыянальны рух. Але нацыянальны рух тады заставаўся на фазе А, масавага руху не было. І я хачу падкрэсьліць, што яго і не магло быць. Зноў працытую Міраслава Гроха, які кажа, што масавы нацыянальны рух можа ўзьнікнуць толькі праз адно пакаленьне пасьля скасаваньня прыгону. Адпаведна, у 1863 годзе чакаць масавага руху было б несур’ёзна. А вось праз 20–25 гадоў ён узьнікае.

Вядома, нічога добрага параза не прынесла. Можна сказаць найперш пра зьнішчэньне інтэлектуальнай эліты і адукаванай моладзі. Калі б гэтага не было, фаза А разьвівалася б значна хутчэй і прынесла б новыя вынікі.

Але ёсьць доля праўды і ў тым, што палітыка ўладаў, якая праводзілася пасьля задушэньня паўстаньня, а менавіта палітыка разьдзяленьня палянізму і каталіцызму, стварала нішу, у якую ўпісвалася беларускасьць. Царская адміністрацыя ў сваім змаганьні з польскім уплывам спрыяла разьвіцьцю этнаграфічных дасьледаваньняў. І калі ўзяць другую палову ХІХ стагодзьдзя, то тады было назьбірана столькі, што хапіла нават савецкім этнографам на некалькі дзесяцігодзьдзяў працы.

Гэта і «Акты віленскай археаграфічнай камісіі» — магутная калекцыя дакумэнтаў, якая сьведчыла пра беларускасьць Вялікага Княства Літоўскага.

І тут сказаць адназначна, што гэта было толькі нэгатыўна ці толькі пазытыўна, было б памылкай.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

ХХХ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG