ГУБАЗіК затрымаў трактарыста за нацыянальную сымболіку ў кабіне
Кіроўцу трактара УП «Зелянбуд» затрымалі па даносе аб тым, што ў тэхніцы, якая прыбірае вуліцы, вісіць бел-чырвона-белая сымболіка.
Трактарыста прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці, зь ім таксама запісалі відэа.
Данос на яго напісалі ў чат-бот ГУБАЗіКу. «Неабыякавага грамадзяніна» абурыў невялікі сьцяжок з Пагоняй у кабіне кіроўцы.
Гэтую атрыбутыку ў кабіне разьмясьціў кіроўца, сьцяжок застаўся з часу масавых пратэстаў 2020 году.
Чарговая аблава сілавікоў у Ваўкавыску
Сама меней шэсьць чалавек былі затрыманыя падчас аблавы ў Ваўкавыску, якая працягвалася з 25 верасьня па 1 кастрычніка, вынікае з паведамленьня набліжанага да ГУБАЗіК тэлеграм-каналу.
Сілавікі назвалі рэйд «спэцыяльным комплексным мерапрыемствам „Правапарадак“». Затрыманьні праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК разам з байцамі АМАП.
Мяркуючы па апублікаваным «пакаяльным» відэа, затрымалі сама меней 6 чалавек. Ім ставяць у віну распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Раней набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал ужо двойчы паведамляў пра затрыманьні ў Ваўкавыску. У абодвух выпадках былі затрыманыя сама меней чатыры чалавекі.
У Гомлі асудзілі прадпрымальніка па «экстрэмісцкіх» артыкулах
Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе прадпрымальніка Валянціна Штэрмера. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім) і ч. 1 арт. 130 КК (распальваньне варожасьці). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Сяргей Багінскі, паведамляе «Вясна».
Валянціна, паводле праўладных тэлеграм-каналаў, затрымалі 9 чэрвеня за «8 камэнтароў на тэму расейскай агрэсіі з абразамі грамадзян Расеі», чым ён нібыта «паспрабаваў распаліць нацыянальную варожасьць». Таксама паведамлялі пра пакінутыя ў камэнтарах абразы ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі.
Шляхам частковага складаньня суд канчаткова прызначыў Валянціну Штэрмеру пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 5 гадоў з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Двое віцяблян падчас стрыму прыгразілі «п****ць» міліцыянтаў — пасьля здымак да іх уварваліся сямёра сілавікоў
У Віцебску затрымалі двух жыхароў гораду, якія падчас стрыму прыгразілі сілавікам фізычным гвалтам. Пра гэта паведаміў 4 кастрычніка набліжаны да МУС тэлеграм-канал, заўважыла «Зеркало».
Мужчыны трансьлявалі сваё застольле ў асабістым YouTube-канале. Падчас стрыму адзін зь іх сказаў, што беларускую міліцыю будзе «п*****ь» (біць. — рэд.). Празь некаторы час у кватэру аднаго зь іх уварваліся сямёра сілавікоў. З адным з удзельнікаў стрыму запісалі «пакаяльнае» відэа.
Прапагандысцкі тэлеграм-канал паведаміў, што ў дачыненьні да затрыманых склалі пратаколы. Аднаму зь іх суд прызначыў 15 дзён арышту.