Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне: 95% беларусак не змаглі рэалізаваць сябе ў ІТ праз стэрэатыпы наконт жаночых здольнасьцяў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Міт пра тое, што пісаць код ці распрацоўваць праграмнае забесьпячэньне пад сілу толькі мужчынам, таксама моцна ўплывае на рашэньне жанчын станавіцца праграмістамі і інжынэрамі».

Праект Women in Tech, які рэалізуе Цэнтар гендэрных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту пры падтрымцы Эўрапейскага Зьвязу, правёў дасьледаваньне аб пасьпяховасьці жанчын у ІТ-сфэры і аб прычынах гендэрнага дысбалянсу ў індустрыі.

«Выявілася, большасьць беларусак (95% рэспандэнтак) не змаглі рэалізавацца ў сфэры, таму што стала сутыкаліся з стэрэатыпамі наконт жаночых здольнасьцяў. Міт пра тое, што пісаць код ці распрацоўваць праграмнае забесьпячэньне пад сілу толькі мужчынам, таксама моцна ўплывае на рашэньне жанчын станавіцца праграмістамі і інжынэрамі», — адзначаецца ў паведамленьні аўтараў праекту.

Сярод іншых прычын, паводле дасьледчыкаў, — вялікая канкурэнцыя на рынку працы, дарагое навучаньне і эйджызм. Удзельніцы дасьледаваньня казалі: «Баюся, што позна пачынаць, мне 33», «Ня ўпэўненая, што буду запатрабаваная на рынку працы ў 40». Шмат жанчын таксама прызналіся, што баяцца сутыкнуцца з выбарам паміж кар’ерай і сям’ёй або мацярынствам.

«IТ-сфэра ўсё яшчэ дастаткова закрытая для жанчын. Галоўная прычына гэтага хаваецца ў гендэрных стэрэатыпах і няроўнасьці. Нехта падумае, што праблемы не існуе, бо юрыдычна ў жанчын Беларусі ўжо даўно няма ніякіх абмежаваньняў у адукацыі і кар’еры. Адна існуе мноства нябачных бар’ераў, якія сур’ёзна абмяжоўваюць патэнцыял беларусак», — паведаміла адна з дасьледчыц Марына Ментусава.

Для абмеркаваньня шляхоў пераадольваньня гендэрнага дысбалянсу ў ІТ-індустрыі ў Вільні 7–8 кастрычніка правядуць канфэрэнцыю аб жаночым лідэрстве, у якой возьмуць удзел прадстаўніцы ўсясьветна вядомых ІТ-кампаній зь Беларусі, Эўропы і ЗША.

Сярод тэмаў для абмеркаваньня заявілі тэмы кар’ернага пераезду, кар’еры падчас пандэміі, мацярынства і рэлякацыі, а таксама памылак, якія перашкаджаюць атрымаць павышэньне на міжнародным рынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG