Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Рыгора Кастусёва зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА, прызначылі дату суду над Палінай Шарэндай-Панасюк


Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Паводле зьвестак сваякоў, у верасьні Кастусёва зноў зьмясьцілі ў штрафны ізалятар. Пры гэтым хворы на рак палітвязень нават ня ведае вынікаў апошняга мэдычнага абсьледаваньня.

Навіны аб стане Рыгора Кастусёва ў размове са Свабодай расказаў зяць палітыка Зьміцер Антончык, які жыве ў Польшчы.

«Па зьвестках, якія да нас дайшлі, 14 ці 15 верасьня спадара Рыгора зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА. Ён толькі нядаўна прыехаў з мэдычнага абсьледаваньня, вазілі ажно ў Менск, у Калядзічы. Пасьпеў напісаць два лісты. Даведаліся, што вынікі абсьледаваньня яму яшчэ не прыслалі. І вось зноў штрафны ізалятар. За што, невядома», — падзяліўся Зьміцер Антончык.

У 2022 годзе, ужо ў зьняволеньні, Рыгору Кастусёву дыягнаставалі рак. Палітык адбывае пакараньне ў калёніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі. Паводле Зьмітра Антончыка, ціск на ягонага сваяка не спыняецца. Цяперашняя адседка ў ШЫЗА ўжо чацьвёртая.

«Яшчэ ў ліпені ў Рыгора забралі ўсе кнігі, якія ён чытаў, у тым ліку томік вершаў Амара Хаяма. А яшчэ забралі ўсе нататнікі і нават сьпіс адрасоў тых людзей, зь якімі ён вёў перапіску. Прычым гэта адбылося неўзабаве пасьля сьмерці ў вязьніцы мастака Алеся Пушкіна. Як зьвязаныя гэтыя факты, можна толькі здагадвацца», — кажа зяць вядомага палітыка Кастусёва.

Да этапаваньня ў горадзенскую турму Алеся Пушкіна таксама трымалі ў калёніі «Воўчыя норы». Мастак памёр у ноч на 11 ліпеня.

Як цяпер пачуваецца Рыгор Кастусёў, ягоным сваякам невядома. У апошнім лісьце ён адзначыў, што мэдычнае абсьледаваньне разам з этапаваньнем зацягнулася амаль на месяц.

«Лісты ягоныя не аптымістычныя. Там мінімум інфармацыі пра сябе. Больш пытаньняў пра сям’ю, пра вёску», — расказвае зяць Кастусёва Зьміцер Антончык.

Былому старшыню Партыі БНФ Рыгору Кастусёву 66 гадоў. У 2010 годзе ён браў удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, быў затрыманы ў ноч пасьля іх і выступіў па БТ з прамовай, якую шмат хто ў Беларусі назваў «пакаяльнай». У верасьні 2022 году суд прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым у змове з мэтай захопу ўлады і асудзіў на 10 гадоў зьняволеньня. Праваабаронцы прызналі Кастусёва палітвязьнем.

Стала вядомая дата чарговага суду над Палінай Шарэндай-Панасюк

Суд у справе палітзьняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк пачнецца 2 кастрычніка а 10-й раніцы, паведамляюць праваабаронцы @viasna_brest.

Паліну абвінавачваюць паводле ч.1 арт.411 Крымінальнага кодэксу — «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Справу будуць разглядаць у судзе Рэчыцкага раёна. Пасяджэньне будзе адкрытым.

Паліну на будучым тыдні этапуюць у рэчыцкі ізалятар часовага утрыманьня. Сёньня яна знаходзіцца ў СІЗА №3 Гомля.

На цяперашні момант у Паліны вельмі кепскі стан здароўя. Стасункаў з роднымі яна ня мае ўжо паўгода.

Паліна Шарэнда-Панасюк мусіла выйсьці на волю мінулым летам, але яе асудзілі на яшчэ 1 год калёніі. У красавіку супраць жанчыны завялі новую крымінальную справу – зноў за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG