Ягораў выступіў за абраньне чальцоў Каардынацыйнай рады.
«Сёньня займацца будаўніцтвам дэмакратыі ў Беларусі вельмі складана. У беларусаў даўно скралі выбары, а палітычнае поле ў краіне ніколі за гады кіраваньня Лукашэнкі не было такім крышталёва чыстым, як цяпер. Любое выказваньне, не кажучы ўжо пра дзеяньні, пацягне за сабой турэмнае зьняволеньне. У такіх умовах рэжым Лукашэнкі будзе праводзіць у лютым 2024 года выбары на ўсіх узроўнях», — сказаў сьпікер КР.
Паводле яго слоў, дэмакратычны рух сёньня знаходзіцца ў «вельмі незайздросным становішчы»: «Цікавасьць да дэмсілаў з боку беларусаў падае. Гэта адбываецца і ўнутры краіны, дзе многія прыхільнікі пераменаў сыходзяць ад палітычных пытаньняў, а ў дыяспарах людзі занятыя ўладкаваньнем свайго жыцьця».
«Мы павінныя сабраць нашых прыхільнікаў, зацікавіць іх прывабным дэмакратычным праектам. Гэта значыць, вярнуць людзей у палітыку, паказаць, што рух не ператварыўся ў закрыты клюб па інтарэсах. Таму праз выбары КР можа стаць народным органам прадстаўніцтва, у якога будзе не толькі зьнешняя, але і ўнутраная — ад грамадзян Беларусі — легітымнасьць», — падкрэсьліў палітык.
Прызнаньне, паводле Ягорава, зьяўляецца «найважнейшай уласьцівасьцю», якая дасьць дэмсілам дадатковыя аргумэнты ў перамовах па ўсіх праблемных пытаньнях, уключаючы праект «пашпарта новай Беларусі».
«Калі Сьвятлана Ціханоўская атрымлівае падтрымку КР, сфармаванага хоць бы напалову па выніках свабодных выбараў, то такая перамоўная пазыцыя робіцца куды мацнейшай», — адзначыў сьпікер КР.
Таксама, дадаў Ягораў, па выніках выбарчай кампаніі можна будзе атрымаць «беспрэцэдэнтную магчымасьць замерыць грамадзкую думку» і затым «адказваць на запыты і праблемы, якія вылучаюцца грамадзянамі».
Выбары ў КР павінны адбыцца ў лютым 2024 года, мандат на яго другі тэрмін ужо зацьверджаны, паведаміла 7 жніўня BPN віцэ-сьпікерка КР Алена Жываглод.
Паводле яе слоў, працэдура абраньня пакуль не зацьверджаная. Адзін з варыянтаў — выбары на плятформе «Новая Беларусь», «але гэта таксама пакуль не рашэньне».
Правесьці выбары ў КР «па ўмоўна мажарытарна-прапарцыйнай сыстэме» ў лютым 2024 года прапанаваў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК) па транзыце ўлады Павал Латушка на слуханьнях аб дзейнасьці кабінэта 4 жніўня ў Варшаве.
КР пазыцыянуе сябе як прадстаўнічы орган беларускага грамадзтва. Створаны ў 2020 годзе, у 2022-м адбылася яго рэформа. Дэлегаты вылучаліся самастойна і ад арганізацый грамадзянскай супольнасьці. Дзейнічае за мяжой. Беларускія ўлады прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Сяргей Аземша ў апублікаваным сёньня інтэрвію беларускаму аддзяленьню расейскага мэдыя Sputnik паабяцаў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці, прынамсі, завочнай, у межах спэцыяльнай вытворчасьці,"удзельнікаў самаабвешчаных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў«, у ліку якіх ён назваў «Кардынацыйную раду, Байпол (Белпол), „НАУ“ і іх прыдаткі».