Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшлі экс-кіраўнік таварыства беларускай культуры ў Іркуцку Рудакоў і ягоная жонка


Алег Рудакоў у бацькавай хаце. Архіўнае фота
Алег Рудакоў у бацькавай хаце. Архіўнае фота

Ім пагражае экстрадыцыя ў Расею, грамадзянамі якой яны зьяўляюцца.

Былы кіраўнік таварыства беларускай культуры ў Іркуцку Алег Рудакоў і ягоная жонка Вольга выйшлі на волю пасьля 30 сутак арышту, піша BPN.

«Алега і Вольгу адпусьцілі некалькі дзён таму, але сказалі рыхтавацца да суду аб экстрадыцыі ў Расею», — сьцьвярджае суразмоўца агенцтва.

Мужа і жонку Рудаковых затрымалі 24 жніўня ў Полацкім раёне (Віцебская вобласьць) і асудзілі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Затрыманьне адбылося ў доме Рудаковых у вёсцы Бязьдзедавічы:

«Міліцыя сказала, што іх адвязуць у горад на размову гадзіны на тры, таму яны ня бралі з сабой зьменных рэчаў і сродкаў гігіены».

Алег Рудакоў нарадзіўся ў Беларусі. Больш за 30 гадоў пражыў у Расеі, стварыў і на працягу 17 гадоў узначальваў у Іркуцку Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

У 2020 годзе канчаткова вярнуўся ў Беларусь. Яго жонка Вольга вядзе майстар-клясы па традыцыйным беларускім гафце ў полацкім Музэі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.

У красавіку 2010 году ўказам Аляксандра Лукашэнкі Рудакоў быў узнагароджаны мэдалём Францыска Скарыны «за заслугі ва ўмацаваньні культурных сувязей паміж Беларусьсю і Расеяй, вялікі асабісты ўклад у захаваньне традыцый беларускай культуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG