Мэдалём да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагароджаны Алег Рудакоў — актыўны дзяяч беларускай дыяспары ў Прыбайкальлі, заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, гаспадар «Беларускай хаты», цяпер намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі клюб „Крывічы“».
Як гаворыцца ў рашэньні Рады БНР, руплівец нацыянальнай культуры і роднай мовы ўганараваны «за шматгадовыя грамадзкія заслугі перад Бацькаўшчынай».
У гэтыя дні Алег Рудакоў якраз у Беларусі — адгукнуўся на запрашэньне паўдзельнічаць у фэсьце «Наш Грунвальд» у Дудутках. З кіраўніцай «Крывічаў» Воляй Галанавай — беларускай у трэцім пакаленьні — яны выконвалі традыцыйныя сьпевы, сабраныя падчас сібірскіх экспэдыцый у беларускія вёскі, ладзілі танцавальныя майстар-клясы.
Летась Алег Рудакоў адзначыў 50-гадовы юбілей. Ён нарадзіўся ў вёсцы Бязьдзедавічы на Полаччыне. Пасьля школы паступіў у вайсковую вучэльню інжынэрных войскаў у Цюмені. Ад 1989-га цягам наступных 5 гадоў служыў афіцэрам, звольніўся па стане здароўя. Скончыў у Іркуцку эканамічны факультэт тэхнічнага ўнівэрсытэту і гістарычны факультэт дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
У 1996-м стварыў і 17 гадоў узначальваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага — адну з самых актыўных у Расеі беларускіх суполак. У 2013-м сышоў з пасады старшыні таварыства, засяродзіўся на дзейнасьці ў «Крывічах».
«Я доўга шукаў, чым зацікавіць сібірскіх беларусаў, зьвязаць паміж сабой, — казаў Алег Рудакоў Свабодзе пра тое, як стаў на чале руху вяртаньня да сваіх каранёў. — Як падаецца, знайшлося добрае выйсьце: зьбірацца не на 8 сакавіка ці 1 траўня, як дагэтуль робяць некаторыя суполкі, а на сапраўды нашае, адвечнае. Першае, што зрабілі, — зладзілі Купальле.
А калі ўзяліся вывучаць традыцыйныя сьвяты, гэта пацягнула за сабой усё астатняе. Найперш, вывучыць беларускую мову. Як мінімум, гісторыю сьвята, каб было максымальна аўтэнтычна. Шыць строі, паясы плесьці, боты шыць, магеркі валяць, на кроснах ткаць, фібулы вырабляць — усё робім самі. Знайшліся майстры, якія асвоілі гэтую навуку. Сьледам пачалі разьвівацца дадатковыя сфэры: майстэрства, рамесьніцтва, гістарычны клюб, народныя сьпевы, бытавыя танцы. Агулам — дзясятак кірункаў».
Сёньня, відаць, няма чалавека ў нацыянальным руху, хто ня ведаў бы Алега Рудакова — дзякуючы менавіта ягоным высілкам сотні, а можа і тысячы нараджэнцаў Сібіру ідэнтыфікавалі сябе беларусамі. Згодна са статыстыкай, у адной толькі Іркуцкай вобласьці на розных этапах аселі прыкладна 300 тысяч выхадцаў зь Беларусі.
Мэдаль быў зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і «ўручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».
У ліку ўзнагароджаных цэлая група дзеячоў беларускай дыяспары — Яўген Вапа (Польшча), Зінаіда Клыга (Эстонія), Вячка Целеш (Рыга), колішні дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч (ЗША).
А таксама іншаземцы, якія працавалі на карысьць беларускай справы — былы амбасадар Злучаных Штатаў у Беларусі Майкл Козак, чэскі палітык Ян Румл, дасьледчык беларускай літаратуры зь Нью-Ёрку Томас Бёрд, перакладчыца Сьвятлана Вранава (Прага).