Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баку і Стэпанакерт пачалі перамовы аб інтэграцыі армянаў Карабаху ў Азэрбайджан. Армэнія заявіла пра абстрэлы яе пазыцый


Сустрэча прадстаўнікоў Баку і Стэпанакерту ў горадзе Еўлах (Азэрбайджан). 21 верасьня 2023
Сустрэча прадстаўнікоў Баку і Стэпанакерту ў горадзе Еўлах (Азэрбайджан). 21 верасьня 2023

Паводле Ерэвану, у выніку баявых дзеяньняў Азэрбайджану ў рэгіёне загінулі ня менш за 200 грамадзян і яшчэ больш за 400 атрымалі раненьні.

У азэрбайджанскім горадзе Еўлах праходзіць сустрэча прадстаўнікоў афіцыйнага Баку і армянскай грамады, якая пражывае ў Карабаскім раёне.

Як паведаміла азэрбайджанскае дзяржаўнае агенцтва АЗЕРТАДЖ, Баку прадстаўляе Раміль Мамэдаў, намесьнік спэцпрадстаўніка прэзыдэнта Азэрбайджану, а Стэпанакерт — Сяргей Мартырасьян і Давід Мелкум'ян. У сустрэчы бярэ ўдзел прадстаўнік расейскага міратворчага кантынгенту.

Армянскі бок пацьвердзіў гэтую інфармацыю.

Паводле Ерэвану, у выніку баявых дзеяньняў Азэрбайджану ў рэгіёне загінулі ня менш за 200 грамадзян і яшчэ больш за 400 атрымалі раненьні. Ерэван заявіў, што позна ўвечары 20 верасьня азэрбайджанскія войскі абстралялі армянскія пазыцыі ў раёне Сотка (Гегаркуніцкая правінцыя, Армэнія).

Пасьля таго, як пачаліся перамовы ў Еўлаху, армянскія СМІ са спасылкай на мясцовых жыхароў паведамілі, што ў Стэпанакерце пачалася перастрэлка. Яна працягвалася нядоўга, але ніякіх іншых падрабязнасьцяў пра гэты інцыдэнт невядома.

Расея паведаміла, што эвакуавала зь месцаў баявых дзеяньняў каля 5 тысяч мірных жыхароў. Усе яны забясьпечаныя гарачым харчаваньнем і месцамі для адпачынку.

Азэрбайджан 19 верасьня пачаў антытэрарыстычныя захады «лякальнага характару» ў Карабаху пасьля інцыдэнту з падрывам міны на аўтадарозе, у якім нібыта загінулі цывільныя і вайскоўцы.

Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што армянскіх узброеных сілаў у Нагорным Карабаху няма, і абвінаваціла Азэрбайджан у нанясеньні ракетных удараў па Стэпанакерце.

20 верасьня ўлады Нагорнага Карабаху / Рэспублікі Арцах заявілі аб спыненьні агню, як гэта прапанавала камандаваньне расейскага міратворчага кантынгенту (Азэрбайджан называе гэты рэгіён Нагорным Карабахам, а Армэнія Арцахам. — РС).

У той жа дзень стала вядома, што 21 верасьня ў азэрбайджанскім горадзе Еўлах адбудзецца сустрэча «з прадстаўнікамі армянскіх жыхароў Карабаскага раёну для абмеркаваньня пытаньняў рэінтэграцыі на аснове Канстытуцыі і законаў Азэрбайджанскай Рэспублікі».

У Армэніі гэтыя падзеі выклікалі акцыі пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG