Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі мільярдэр Абрамовіч схаваў ад санкцыяў сваю калекцыю усясьветных шэдэўраў мастацтва на 1 мільярд даляраў


Расейскі мультымільярдэр Раман Абрамовіч у 2001–2008 гг. быў губэрнатарам Чукоцкай аўтаномнай акругі Расеі. Архіўнае фота
Расейскі мультымільярдэр Раман Абрамовіч у 2001–2008 гг. быў губэрнатарам Чукоцкай аўтаномнай акругі Расеі. Архіўнае фота

«Гэтая калекцыя ўражвае. Зь яе аднае можна было б стварыць цэлы музэй. Трагічна, што калі ня будзе знойдзена нейкае рашэньне, калекцыя застанецца нябачнай вельмі доўгі час», — сказаў прафэсар Голдсмітс-каледжу Лёнданскага ўнівэрсытэту.

Расейскі мільярдэр Раман Абрамовіч і яго колішняя жонка Дар’я Жукава толькі на 2018 год валодалі калекцыяй з 369 артэфактаў мастацтва агульнай вартасьцю 962 мільёны даляраў.

Як высьветлілі журналісты выданьняў «Важные истории» і The Guardian у выніку вывучэньня матэрыялаў кіпрскага бізнэс-рэгістратара MeritServus, якія трапілі ў сетку, у калекцыі дзясяткі шэдэўраў: Фрэнсіс Бэкан, Паблё Пікаса, Люцыян Фройд, Альбэрта Джакамэцьці, Клёд Манэ, Рэнэ Магрыт і іншыя.

Лёс многіх працаў доўгія гады заставащся загадкай, пішуць выданьні. Напрыклад, пра «Супрэматычную кампазыцыю» (1919–1920) Казімера Малевіча было вядома толькі, што яе прадалі на аўкцыёне ў 2000 годзе за 17 мільёнаў даляраў ананімнаму пакупніку. А ў 2013 годзе карціна належала Абрамовічу.

Калекцыя належыць офшорнай кампаніі Seline-Invest на востраве Джэрзі. Яе, у сваю чаргу, кантралюе заснаваны Абрамовічам кіпрскі траст Ermis Trust Settlement. У пачатку 2021 году, пасьля разводу, Абрамовіч і Жукава падзялілі напалову бэнэфіцыярныя часткі ў трасьце, а за тры тыдні да пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Абрамовіч перадаў колішняй жонцы 1 адсотак, і суадносіны частак сталі 51% на 49%. Як падкрэсьлілі журналісты, у некаторых краінах гэтая схема дае магчымасьць зьнізіць рызыку арышту актываў, калі ўласьнік 49 адсоткаў акцыяў трапіць пад санкцыі.

Менш чым празь месяц супраць Абрамовіча ўвялі санкцыі ў Эўразьвязе і Вялікай Брытаніі. Яго актывы замарозілі, але калекцыю шэдэўраў мастацтва гэта не зачапіла. Дзе яна знаходзіцца — невядома. Праз гэтую імаверную спробу схаваць карціны, якія і так нячаста выстаўляліся, яны цяпер цалкам страчаныя для публікі. Напрыклад, калі ў кастрычніку 2022 году ў Брытанскай нацыянальнай галерэі адкрылася першая за 10 гадоў выстава працаў Люцыяна Фройда, на ёй не было некалькіх знакавых ягоных карцін, якія цяпер належаць Абрамовічу і Жукавай.

Экспэрты арт-рынку мяркуюць, што сытуацыю з схаванай вялікай калекцыяй можна лічыць трагічнаю, бо людзі фактычна «пазбавіліся магчымасьці ўбачыць частку найвялікшых твораў сучаснасьці».

«Гэтая калекцыя ўражвае. Зь яе аднае можна было б стварыць цэлы музэй. Трагічна, што калі ня будзе знойдзена нейкае рашэньне, калекцыя застанецца нябачнай вельмі доўгі час», — сказаў прафэсар Голдсмітс-каледжу Лёнданскага ўнівэрсытэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG